Ягорава: Нават на лакальным узроўні ўлада не жадае бачыць апазіцыю

Халодны сонечны дзень 25 красавіка журналіст Еўрарадыё правёў на сталічных выбарчых участках №72 і 75 Жудроўскай акругі №35. Тут, дарэчы, балатуецца кандыдатка ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Ягорава.

Участак №72, які знаходзіцца ў Каледжы лёгкай прамысловасці, сустрэў нас міліцэйскімі пагонамі і строгім голасам участковага. Пільны ахоўнік правапарадку, пабачыўшы фотаапарат і дыктафон, адразу ж пацягнуўся да майго бэйджу.

Участковы: Гэта вы ў нас прадстаўнік сродкаў масавай інфармацыі? Можна зірнуць?

Еўрарадыё: Калі ласка.

Участковы: Та-а-к, акрэдытацыя ў вас ёсць?

Еўрарадыё: Тут напісана.

Участковы: Але гэта Міністэрства замежных спраў, так?

Еўрарадыё: Так.

Участковы: А праз Цэнтрвыбаркам Беларусі — пра тое, што тут здымаць, усё такое?

Еўрарадыё: А што, гэта забаронена?

Участковы: Я не ведаю, ці дазволена, скажам так.

Еўрарадыё:
Але гэта не забаронена. А што не забаронена, тое дазволена.

Участковы: Ну, магчыма…

Размову з міліцыянтам перапыніла намесніца старшыні камісіі ўчастку Таццяна Баляславаўна, якая прапанавала прайсці на ўчастак і зарэгістравацца. Што мы і зрабілі.


У напаўпустой зале акрамя сябраў камісіі амаль нікога не было. За сталом назіральнікаў у гордай адзіноце засядаў прадстаўнік ветэранскай арганізацыі Ўладзімір Нікіфараў. Назіральнік паведаміў Еўрарадыё, што аніякіх эксцэсаў не заўважыў.

Уладзімір Нікіфараў: “Абстаноўка спакойная, нармальная. Людзі прыходзяць, у асноўным, сталага веку пакуль што. Будзем спадзявацца, што падыйдуць людзі ўжо і сярэдняга веку”.

Сакратар камісіі Алена Валянцінаўна таксама ходам выбараў засталася задаволеная. Акрамя адсутнасці эксцэсаў, сакратар адзначыла вялікую актыўнасць выбарцаў падчас датэрміновага галасавання — каля 30 адсоткаў.

Алена Валянцінаўна:
“У навінку тое, што кожны дзень, паводле вынікаў галасавання, мы вывешваем пратаколы. Яны ў нас вісяць. А ў плане працы — не, усё як і заўсёды. І людзі таксама так ідуць. І датэрміновае галасаванне — галасуюць вельмі шмат: 498 чалавек на ўчорашні дзень. Ой, вы ведаеце, у асноўным — сталы люд!”

Якраз у гэты момант у адну з кабінак зайшлі адразу два выбарцы — відавочна, муж з жонкай. Сакратар камісіі паціснула плячыма: маўляў, нічога страшнага не адбылося.



Кандыдатка ў дэпутаты Ганна Ягорава разводзіць рукамі. Нават такія відавочныя парушэнні Выбарчага кодэксу фіксаваць няма каму: на ўчастках практычна няма незалежных назіральнікаў.



У фае каледжу прадуктовай крамай “Пузатая хата” арганізаваны буфет. Аднак асаблівага ажыятажу не было заўважна: знакамітых “выбарчых” зніжак на прадукты тут няма. За адным са столікаў маладыя людзі п’юць піва. Прадаўшчыца тлумачыць, што спажываць алкаголь дазволена.

Супрацоўніца буфету: Нацэнкі ніхто не зніжае. Усё ідзе ў продаж, як і ў краме. Гэта старая традыцыя — выстаўляць буфет. Але такога ўказання, каб зніжаць кошты, я не чула. І ніхто так не робіць.

Еўрарадыё: Вось маладыя людзі піва п’юць…

Супрацоўніца буфету:
Столікі пастаўленыя. І піва можна піць, і гарэлка на разліў, і гарбата таксама!

Гасцінная прадаўшчыца прапанавала пакаштаваць гарэлачкі і журналісту Еўрарадыё. Але я адмовіўся. Разам з апазіцыйнай кандыдаткай мы спяшаліся ўжо на наступны выбарчы ўчастак.

Яшчэ адзін участак акругі, на якой балатуецца Ганна Ягорава, — яе родная школа №125. Аднак асаблівай радасці ад прысутнасці журналіста Еўрарадыё тут не назіралася. Як толькі я паспрабаваў зняць бяскрыўдны ролік, да мяне падляцела старшыня камісіі разам са сваёй намесніцай і паспрабавала забараніць не толькі здымаць, але і ўвогуле знаходзіцца на ўчастку. Маўляў, старшыня камісіі мае права не дапусціць на ўчастак журналіста.

Пры гэтым ані артыкулу ў законе, які забараняў бы журналісту знаходзіцца на ўчастку, ані прычыны сваёй агрэсіі чыноўніцы патлумачыць не здолелі. Замест гэтага яны выклікалі двух міліцыянтаў, якія пасля непрацяглай дыскусіі пад рукі вывелі мяне з участку. І параілі звярнуцца па дазвол на знаходжанне ў школе ў Цэнтрвыбаркам.



Цікава, што асноўным канкурэнтам ад улады для апазіцыйнай кандыдаткі стала дырэктарка гэтай школы Таццяна Берасцевіч. Як тлумачыць Ганна Ягорава, выбарчую камісію на ўчастку ўзначальвае намесніца дырэктаркі.

Ганна Ягорава: “Для мяне гэты ўчастак вельмі важны, бо ў гэтай школе я навучалася. І дырэктар школы — гэта ўжо новы дырэктар — сцвярджае, што рамонт, які тут быў праведзены, — гэта цалкам яе заслуга. Гэта абсалютная няпраўда! І гэта асноўны пункт праграмы майго асноўнага канкурэнта — канкурэнта ад улады. Тут сапраўды ёсць не вельмі прыязныя адносіны да журналістаў і да незалежных назіральнікаў. Больш за 30 адсоткаў прагаласавала датэрмінова, актыўнасць выбарцаў сёння вельмі нізкая”.

Карыстаючыся парадай раз’юшаных чыноўніц з участку 75 Жудроўскай акругі сталіцы, Еўрарадыё пацікавілася ў Цэнтрвыбаркаме прававой ацэнкай дзеянняў чальцоў камісіі ў дачыненні да журналіста. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заняў пазіцыю журналіста і паабяцаў разабрацца.

Мікалай Лазавік: “Артыкул 13 дазваляе акрэдытаваным у Беларусі журналістам асвятляць ход выбарчай кампаніі. І таму нейкіх забаронаў не існуе — журналісты працуюць у нас свабодна. У кожным выпадку, журналіст, згодна з заканадаўствам, мае права асвятляць ход выбарчай кампаніі. Калі нехта з чальцоў камісіі ці старшыняў камісіі не зразумеў гэтага альбо недастаткова засвоіў нормы заканадаўства, якое дазваляе свабодна працаваць журналісту, тут мы, Цэнтрвыбаркам, аператыўна паправім яго. Празмерную асцярожнасць праяўляе старшыня камісіі, і журналіст мае права і павінен асвятляць ход выбарчай кампаніі!”


Ганна Ягорава ўпэўненая, што ў чыноўніц папросту не вытрымалі нервы. Размаўляць з незалежнымі журналістамі, а тым больш дапускаць у свае шэрагі апазіцыянераў — гэта азначае хаця бы сімвалічна падзяліцца з імі сваімі паўнамоцтвамі. На думку кандыдаткі ад АГП, пайсці на такі крок сённяшнія ўлады не здатныя.

Ганна Ягорава: “І нават на ўзроўні лакальным, калі ў нашай краіне няма сапраўднага самакіравання, усё роўна ўлада не жадае дзяліцца сваімі паўнамоцтвамі і не жадае бачыць прадстаўнікоў апазіцыі ў сваіх шэрагах”.




Фота і відэа: Валера Руселік

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі