Затрыманых у Смалявічах журналістаў адпусцілі
Пяцёра прадстаўнікоў прэсы правялі ў мясцовым РУУС некалькі гадзінаў.
Сяргей Вазняк, Мікалай Петрушэнка, Вячаслаў Пешка, Сяргей Кручкоў і Лола Бурыева прыехалі ў райцэнтр на сустрэчу дэпутата райсавету Ягора Лебядка з грамадзянамі. За 10 хвілінаў да пачатку сустрэчы карэспандэнтаў і затрымалі.
Як паведаміў БелаПАН Сяргей Вазняк, ён правёў у міліцыі не меней за дзве гадзіны. З яго ўзялі пісьмовыя тлумачэнні наконт мэтаў візіту ў Смалявічы. Пасля заканчэння сустрэчы з грамадзянамі дэпутат Ягор Лебядок прыехаў у аддзяленне міліцыі, каб высветліць прычыны інцыдэнту. Ён паабяцаў накіраваць дэпутацкі запыт, каб разабрацца, чаму затрымалі прадстаўнікоў СМІ.
У сваю чаргу ад імя Беларускай асацыяцыі журналістаў смалявіцкаму дэпутату накіруюць зварот, каб ён зрабіў такі запыт аб прычынах, па якіх журналістам чынілі перашкоды ў іх прафесійнай дзейнасці.