Зміцер Дашкевіч сёмы дзень трымае галадоўку ў Мазырскай калоніі
Вязень перадаў, што спыніць галадоўку, калі турэмнае начальства перастане яго цкаваць, пачне адэкватна ставіцца і папросіць прабачэння за абразы і пагрозы.
Прэс-служба “Маладога фронту” сцвярджае, што Дашкевіча ў калоніі пераследуюць па рэлігійных матывах ― як пратэстанта. Пасля таго, як ён адмовіўся прыбіраць у атрадзе, яго пазбавілі доўгіх спатканняў і далі вымову. А нечае лязо, знойдзенае на стале, дало начальству калоніі нагоду, каб узняць пытанне пра псіхічнае здароўе вязня.
Па словах Дашкевіча, якія прыводзіць прэс-служба, адміністрацыя калоніі паводзіць сябе абразліва і ўвесь час шукае нагодаў, каб дачапіцца да яго. “Дарэчы, начальнік калоніі спрабаваў выкруціць гэтую гісторыю наадварот ― маўляў, Зміцер вар’яцее, лаецца матам на іх, абражае…”, — распавядае моладзевая актывістка Наста Палажанка, якая разам з адвакатам наведала папраўчую ўстанову, дзе сядзіць Зміцер Дашкевіч.
Фота: радыё "Свабода".