Зміцер Дашкевіч аб'явіў галадоўку

13 верасня адвакат Дашкевіча прыехаў у суд дзеля ўдзелу ў судовым працэсе. Дашкевіча нібыта меліся перавесці з калоніі ў турму закрытага тыпу. Аднак высветлілася, што суду не адбудзецца, "бо такая справа не існуе". Пра гэта паведамляе прэс-служба "Маладога Фронту". Пра суд не ведаў і сам Дашкевіч, пра што ён і сказаў адвакату падчас сустрэчы ў калоніі.

Палітвязень сказаў, што з сённяшняга дня пачынае галадоўку. Яна будзе цягнуцца, пакуль адміністрацыя калоніі не выканае яго патрабаванняў. Дашкевіч патрабуе забяспечыць нармальныя побытавыя ўмовы ў карцары, дзе хлопец прабудзе да 17 верасня. Зараз палітвязень вымушаны кругласутачна знаходзіцца ў камеры, дзе тэмпература такая ж, як і на вуліцы. Хлопцу забаранілі браць у карцар што-небудзь, апроч турэмнай робы, таму нават накрыцца на ноч няма чым. Таксама Дашкевіч патрабуе, каб яму вярнулі Біблію.

Галадоўка можа сур'ёзна пашкодзіць здароўю маладафронтаўца, які мае шэраг хранічных хваробаў.

Дашкевіч распавёў, што не атрымоўваў ніякай паштовай карэспандэнцыі, у тым ліку і паведамленняў ад свайго адваката. Яго азнаёмілі з пратаколам знішчэння лістоў, якія не прайшлі цэнзуру, — усе яны былі спаленыя.

Стала вядома таксама, што 10 верасня Дашкевічу прапаноўвалі пісаць заяву на памілаванне. Палітвязень адмовіўся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі