Зміцер Дашкевіч трапіў у ШЫЗА ўжо ў трэці раз
Лідар “Маладога фронту” выйшаў з карцару — і адразу трапіў у яго наноў.
Пра гэта нявесце зняволенага Насце Палажанцы паведамілі 26 ліпеня ў дэпартаменце выканання пакаранняў. Спагнанне на Дашкевіча накладзена нібыта за адмову ад працы. Аднак гэта выклікае здзіўленне, бо ў лістах да бацькі Зміцер паведамляў, што збіраецца працаваць і удакладняў — праца будзе звязана з лесапераапрацоўчым матэрыялам.
25 ліпеня палітык меў спатканне са сваёй адвакаткай Мар’янай Сямашкай. Ён распавёў, што трапляе ў штрафны ізалятар шляхам розных правакацыяў. У прыватнасці, адміністрацыя забараніла зняволеным размаўляць са Змітром, каб ён не паўплываў на іншых вязняў калоніі. У мінулы раз Дашкевіч сеў у ШЫЗА за кантакт з чалавекам. А паводле афіцыйнай версіі, спагнанне наклалі з фармулёўкай “адмова пражываць у жыллёвай зоне”, паведамляе прэс-служба “Маладога Фронту”.