Рудольф Рышар: Сядзець на шпагаце доўга — не вельмі зручна

Палітыка “маленькіх крокаў” па паляпшэнні адносінаў паміж Беларуссю і Еўрасаюза сябе апраўдала. Такое меркаванне выказаў Часовы павераны ў справах Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Рудольф Рышар на канферэнцыі “Мінск пасля Рыгі”, якая праходзіць зараз у беларускай сталіцы.

Рышар: “Нашы адносіны з Беларуссю паляпшаюцца павольна, але паступова. Узровень узаемнага недаверу мае тэндэнцыю да зніжэння. Палітыка “маленькіх крокаў” працуе і нараджае ўстойлівасць. Доказам гэтага служыць тое, што гэтыя маленькія крокі становяцца ўсё больш бачнымі. Гэта не лёгка, і патрабуе шмат намаганняў з кожнага боку. І трэба пастаянна пераконваць тых, хто ў гэтым не ўпэўнены, што мы ідзем па правільным шляху”.

Па словах дыпламата, высілкі Беларусі па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне моцна паўплывалі на стаўленне да нашай краіны ў Еўропе.

“Адначасова мы пачулі ад прэзідэнта Лукашэнкі, што калі будзе патрэба, то Беларусь заўжды падставіць плячо свайму саюзніку — Расіі. І тут складана не заўважаць тое, што здарылася ў Рызе, ці яшчэ да Рыгі – на перамовах па выніковай дэкларацыі саміта Усходняга партнёрства. Так, Расія не сябра Усходняга партнёрства, але яна прысутнічае. Усе пытанні, звязаныя з расійскім умяшанем у справы рэгіёна, выклікалі вялікія дыскусіі паміж Еўрапейскім саюзам і краінамі-партнёрамі Усходняга партнёрства. Добра быць на перакрыжаванні, але часам сядзець доўга на шпагаце не вельмі зручна. Мы гэта разумеем. Гэта дадатковы факт, каб развіваць, як сказаў прэзідэнт Туск, розны падыход да розных краін”, — адзначыў Рудольф Рышар.

Па яго словах, ЕС будзе шукаць новы, індывідуальны падыход да супрацоўніцтва з нашай краінай у межах Усходняга партнёрства.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі