Рускі дыверсант "Рамонак" выхваляўся, што быў са снайперамі на Майдане
Украінскія спецслужбы працягваюць збіраць матэрыялы аб дзейнасці ў Данецкай вобласці расійскага спецназу.
18 красавіка прэс-служба Службы бяспекі Украіны заявіла, што дзеяннямі ўзброеных асобаў, якія незаконна ўтрымлівалі вайскоўцаў украінскай 25-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады ў Славянску, кіраваў палкоўнік ГРУ генштаба Узброеных сілаў Расіі Ігар Стралкоў (гл. фотаробат, падрыхтаваны спецыялістамі СБУ). Ён загадаў забраць ва ўкраінскіх вайскоўцаў аўтаматычную зброю, схіляў іх да пераходу на бок сепаратыстаў, абяцаў высокія заробкі.
Адзін з дэсантнікаў, які быў у палоне, распавёў пра прысутнага там іншага расійскага дыверсанта па мянушцы "Рамонак" ("Ромашка"). Ён "выхваляўся, што ў складзе снайперскай групы знаходзіўся на Майдане Незалежнасці ў Кіеве падчас масавых акцый пратэсту", — цытуе словы ўкраінскага вайскоўца сайт censor.net.ua.
СБУ нагадвае, што расійскага грамадзяніна Ігара Стралкова абвесцілі ў вышук. У яго адносінах распачатыя крымінальныя справы за арганізацыю наўмыснага забойства, за замах на суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, правядзенне дыверсійна-падрыўной дзейнасці, а таксама арганізацыю масавых беспарадкаў ва ўсходніх абласцях Украіны.
Ва Украіне выплацілі першыя 10 тысяч долараў за злоўленага дыверсанта