Рыхтуецца візіт венгерскага прэм'ер-міністра Віктара Орбана ў Беларусь
У 2019 годзе ў Беларусь можа прыбыць з візітам прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан. Пра гэта Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Венгрыі ў Беларусі Жолт Чутора паведаміў у інтэрв'ю на тэлеканале АНТ.
Дыпламат нагадаў, што сёлета ўзімку ў нашу краіну прыязджаў міністр замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэр Сіярта. Падчас сустрэчы з кіраўніком беларускага ўрада Сяргеем Румасам ён абмяркоўваў і візіт Віктара Орбана ў Мінск.
"Па дыпламатычных каналах мы павінны арганізаваць візіт нашага прэм'ер-міністра. У яго ёсць дзеючае запрашэнне. Дакладную дату назваць не магу, але спадзяюся, што візіт адбудзецца сёлета", — распавёў Чутора.
Амбасадар выказаў меркаванне, што Лукашэнка і Орбан спадабаюцца адзін аднаму: "Я ведаю, што характар і менталітэт вашага прэзідэнта спадабаюцца нашаму прэм'еру, як і вашаму".