Рымашэўскага і Дзмітрыева адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе
Уначы з 31 снежня на 1 студзеня пад падпіску аб нявыездзе быў выпушчаны экс-кандыдат Віталь Рымашэўскі.
У Беларускай хрысціянскай дэмакратыі пацвердзілі гэтую інфармацыю. З самім Рымашэўскім звязацца не ўдалося, бо 3 студзеня ўранку ён быў на допыце ў КДБ.
Як паведамілі ў БХД, афіцыйнай падставай для вызвалення стала "напісанне тлумачальнай запіскі на імя Лукашэнкі". 4 студзеня Рымашэўскі збіраецца наладзіць прэс-канферэнцыю, на якой раскажа падрабязнасці справы.
Як вядома, захаваліся шматлікія фота і відэа, на якіх 19 снежня Рымашэўскі спыняе правакатараў.
Ужо ў заявах Аляксандра Лукашэнкі 30 снежня адчувалася гатоўнасць адкруціць махавік рэпрэсій назад.
Лукашэнка намякнуў, што выпусціць тых, хто пакаецца перад ім асабіста. "Калі яны не маюць дачынення да масавых пагромаў і апынуліся там, на плошчы, з ідэйных меркаванняў, то я буду асабіста разглядаць магчымасць вызваленьня, — сказаў ён, але шматслоўна дадаў. — А калі ты вінаваты, то я ўмешвацца не буду. Урэшце, кожны павінен адказваць за сябе. Калі хтосьці будзе ціснуць і патрабаваць, то будзе толькі горш", — папярэдзіў ён.
Пакуль невядома, што напісаў у сваёй "тлумачальнай запісцы" Віталь Рымашэўскі, паведамляе Наша Ніва.
Сёння ж з СІЗА КДБ выйшаў на волю пад падпіску аб нявыездзе кіраўнік выбарчага штаба Уладзіміра Някляева Андрэй Дзмітрыеў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла яго сяброўка Таццяна.
Таццяна: “Я з ім размаўляла сёння па тэлефоне. Наколькі я разумею, вызвалілі яго сёння, але я яго яшчэ не бачыла – я толькі размаўляла з ім па тэлефоне”.
Інтэрв'ю з самім Дзмітрыевым можна пачытаць і паслухаць тут.