Саудаўская Аравія зацікавілася беларускімі лекамі

Саудаўская Аравія зацікавілася беларускімі лекамі

Прадстаўнікі Беларусі і Саудаўскай Аравіі падпісалі сёння Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій. Гэта адбылося пасля пасяджэння сумеснага міжурадавага камітэта ў Міністэрстве замежных спраў, перадае тэлеканал АНТ. Падпісаны дакумент з'яўляецца першым крокам да заключэння прамых дагавораў і кантрактаў.

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін зазначыў, што найперш Саудаўская Аравія выказала цікавасць да беларускай вытворчасці медыкаментаў.

Шумілін: "Гэта, вядома, медыкаменты. Усе нашыя медыкаменты сертыфікаваныя паводле стандарту GMP — гэта еўрапейскі ўзровень якасці. Ну, па кошце яны па шмат якіх напрамках значна таннейшыя за сусветныя. Саудаўская Аравія зацікавілася пастаўкамі прадукцыі кампаній "Белмедпрэпараты" і "Мінскінтэркапс".

Намеснік міністра замежных спраў Саудаўскай Аравіі па эканамічных і культурных пытаннях Юсуф бен Тарада аль-Саадун распавёў, што эксперты гэтай краіны наведалі беларускія прадпрыемствы і былі задаволеныя ўзроўнем адукацыі ды тэхналогій. Па яго словах, на гэтым тыдні прадстаўнікі Саудаўскай Аравіі фактычна нанова адкрылі Беларусь і прыемна здзіўленыя магчымасцямі.

Дарэчы, на пачатку наступнага года на Аравійскім паўвостраве пройдзе маштабны міжнародны форум. На яго атрымалі запрашэнне беларускія кампаніі, якія працуюць у сферы біятэхналогій.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі