Севастопальскія студэнты байкатавалі расійскі сцяг (відэа)
Яны зладзілі акцыю пратэсту і заспявалі гімн Украіны.
28 сакавіка ў Севастопальскім нацыянальным універсітэце ядзернай энергіі і прамысловасці адбылася цырымонія спуску дзяржаўнага сцяга Украіны і ўздыму расійскага сцяга, інфармуе УНІАН.
У часе вынасу ўкраінскага сцяга значная частка студэнтаў пачала хорам спяваць украінскі гімн і працягвала спеў без музыкі пасля таго, як была выключаная фанаграма. Пасля спробы выканаўцы абавязкаў рэктара перарваць спеў, студэнты пачалі скандаваць “Слава Украіне — Героям слава”.
У часе далейшай працэдуры ўздыму расійскага сцяга і выканання расійскага гімна дзясяткі студэнтаў дэманстратыўна пакінулі пляц.
За два дні да гэтага рэктар універсітэту Міхаіл Дывізінюк быў адхілены ад пасады. Па звестках крыніцаў УНІАН, ён адмовіўся ўздымаць дзяржаўны сцяг РФ над будынкам ВНУ і пераходзіць у прававое поле Расіі. Рэктар матываваў сваю пазіцыю тым, што ўніверсітэт — не толькі ВНУ, але таксама дзеючы ядзерны аб’ект Украіны, зарэгістраваны ў МАГАТЭ.