Шчур, Бахарэвіч, Адамовіч. У Мінску ўручылі літаратурную прэмію Гедройца
У Мінску ўручылі літаратурную прэмію Гедройца — бадай што галоўную (і напэўна самую гучную) з тых, што існуюць зараз у Беларусі. Перамог сёлета Макс Шчур — журы палічыла "найлепшай кнігай, напісанай на беларускай мове, у жанрах "мастацкая проза" і "эсэістыка", яго раман "Завяршыць гештальт".
На другім месцы апынуўся Альгерд Бахарэвіч ("Белая муха, забойца мужчын"), на трэцім — Андрэй Адамовіч ("Таўсьціла і лешч").
Пераможца прэміі Гедройца атрымае немаленькую па нашых часах суму ў пяць тысяч еўра. Сярод іншых узнагародаў — магчымасць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпендыі і запрашэнні ў еўрапейскія дамы творчасці.
Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Пасольства Польшы ў Беларусі, Польскі Інстытут у Мінску; фундатары ўзнагародаў — "Ідэя Банк" і Калегіум Усходняй Еўропы ва Вроцлаве.
У 2012 годзе прэмію Гедройца атрымаў Павел Касцюкевіч за кнігу "Зборная РБ па негалоўных відах спорту", у 2013-м — Уладзімір Некляеў за раман "Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без", у 2014-м — Ігар Бабкоў за кнігу "Хвілінка. Тры гісторыі". У мінулым годзе лепшым беларускім празаікам быў названы Віктар Казько за кнігу "Час збіраць косці".