Сілавікі затрымалі дырэктара івэнт-агенцтва "Графіміл" і яго жонку
Затрыманы Сяргей Сарокін і яго жонка
Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі дырэктара івэнт-агенцтва "Графіміл" і яго жонку. Відэа з затрыманымі з'явілася блізкім да сілавікоў тг-канале.
Затрыманы мужчына кажа, што ён дырэктар івэнт-агенцтва "Графіміл". Яго прымушаюць назваць свой штомесячны даход (5000 рублёў) і сказаць, што ён удзельнічаў у пратэстах 2020 года і быў падпісаны на сайт "Зеркало" і чат-бот "Голас".
Яго жонка кажа, што працуе ў гэтым жа агенцтве інструктаркай па танцах. На камеру яна заяўляе, што зарэгістравалася ў чат-боце "Перамога", але потым выдаліла яго. Аднак ёй нібыта прыйшло ў чат-бот паведамленне з заклікам удзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную Раду. Ці сапраўды было гэтае паведамленне і ці яно стала прычынай затрымання — невядома.
Івэнт-агенцтва "Графіміл" зарэгістраванае на Сяргея Сарокіна.
Сілавікі кажуць, што івэнт-агенцтва ўваходзіла ў рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў, які складае Мінкульт, і мела доступ да канцэртнай дзейнасці. Яны паабяцалі разабрацца, як так атрымалася.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.