СК пачаў крымінальную справу пасля збіцця жанчыны ў аддзяленні міліцыі
Выпадак здарыўся ў Магілёве, падазраваных у справе пакуль няма.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па выніках праверкі інфармацыі аб збіцці 58-гадовай магіляўчанкі ў аддзяленні міліцыі. Афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк расказала БелаПАН, што справа расследуецца па ч. 1 арт. 149 КК — наўмыснае прычыненне менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
"Падставай для крымінальнай справы з'яўляецца доўгае растройства здароўя пацярпелай", — гавораць у Следчым камітэце.
Падчас праверкі былі апытаныя супрацоўнікі Ленінскага РАУС, магілёўскага ІЧУ, Магілёўскай абласной бальніцы, куды пасля затрымання трапіла пацярпелая.
Магіляўчанка кажа, што была збітая ў міліцыі пасля таго, як прыйшла скардзіцца на свайго зяця. Па версіі пацярпелай, яе затрымалі па падазрэнні ў дробным хуліганстве, а потым збіў дзяжурны міліцыянт, які "ў парыве ўсплёску негатыўных эмоцый" нанёс жанчыне ўдары нагой па назе і рукой па галаве. У выніку затрыманая атрымала пералом сківіцы з двух бакоў.
У сваю чаргу начальнік Ленінскага РАУС Аляксандр Маскалёў заявіў, што камеры відэаназірання ў будынку райаддзела не зафіксавалі збіцця пенсіянеркі.