Служыў як беларус, асудзілі як расіяніна, цяпер пагражае высылка

Служыў як беларус, асудзілі як расіяніна, цяпер пагражае высылка

“Як служыць у войску, дык я беларус. А як зарэгістраваць — дык чаму вас дагэтуль не дэпартавалі, — расказвае Еўрарадыё Юрый Ікаўніекс. — Далі мне часовую рэгістрацыю на тры месяцы. Пайшоў уладкоўвацца на завод — адмовілі, маўляў, няма віду на жыхарства. Пайшоў у аддзел міграцыі, каб яго зрабіць, — дык кажуць, што праз судзімасць могуць не зрабіць”.

Над яшчэ адным грамадзянінам Расіі, які жыве ў Беларусі, навісла пагроза дэпартацыі. Юрый Ікаўніекс прыехаў у нашую краіну на пачатку 1990-х разам з бацькамі, цяпер яго сям’я і дзеці — тут.

“Беларускі пашпарт не рабіў, бо ёсць расійскі, — працягвае Юрый Ікаўніекс. — Маці ў мяне расіянка, а бацька — беларус. Вучыўся ў беларускай школе, потым у вучэльні. А пасля забралі ў войска”.

У 2004 годзе Ікаўніекса прызвалі на тэрміновую службу ў беларускае войска. Расійскі пашпарт у Клімавіцкім ваенкамаце нікога не збянтэжыў: “Запісалі беларусам, сказалі: ідзі служыць. Прысягу прымаў як беларус”. Служба прайшла добра. Юрый і не згадваў бы пра яе, калі б у 2020 годзе ўлады не ўспомнілі пра яго расійскае грамадзянства і не сталі пагражаць высылкай з краіны.
 

Ізноў Гомельская вобласць

Юрый Ікаўніекс не першы і не другі расіянін, якога могуць выслаць з Беларусі. Летась Еўрарадыё расказвала гісторыі траіх грамадзян Расіі, якія наклалі на сябе рукі праз пагрозу высылкі. Віталь Кузьмянкоў скончыў жыццё самагубствам у Буда-Кашалёве, Сяргей Барысаў — у Лоеве, Мікалай Дземідзенка — у Брагінскім раёне.

Служыў як беларус, асудзілі як расіяніна, цяпер пагражае высылка
Юрый Ікаўніекс у Жлобіне

Усе гэтыя смерці адбыліся ў Гомельскай вобласці, дзе пакуль яшчэ мае права жыць Юрый Ікаўніекс. Ва ўсіх трох выпадках нагодай для пераследу з боку міграцыйных органаў сталі парушэнні беларускага заканадаўства. І выпадак Юрыя — не выключэнне.

Тры гады таму расіянін трапіў у ДТЗ, за якое на пачатку 2019-га быў прысуджаны да года “хіміі”. Выйшаўшы з-за кратаў у студзені 2020-га, ён даведаўся, што яго від на жыхарства ануляваны.

Служыў як беларус, асудзілі як расіяніна, цяпер пагражае высылка
Пашпарт грамадзяніна Расіі

Без ВНЖ Юрый не можа ўладкавацца на афіцыйную працу і нават зарэгістравацца ў цэнтры занятасці. Юрый, якому трэба карміць сям’ю, можа разлічваць на працу толькі ў прыватнікаў.
 

Прыпісаны і служыў, але гэта ўсё

У гэтай гісторыі цікава найперш, як расіянін трапіў у беларускае войска. Па законе “Аб воінскім абавязку і воінскай службе” воінскі абавязак не распаўсюджваецца на замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Але ў Клімавіцкім ваенкамаце Магілёўскай вобласці падчас прызыву ў 2004 годзе нешта пайшло не так.

Служыў як беларус, асудзілі як расіяніна, цяпер пагражае высылка
З войска Юрый прыйшоў сяржантам

“Ёсць дакумент, што ён [Юрый Ікаўніекс. — Еўрарадыё] у 2001 годзе быў прыпісаны і што служыў. Гэты факт мы пацвердзіць можам, — адказвае Еўрарадыё прэс-сакратар Мінабароны Наталля Гаўрусік. — Але гэта ўсё, што я магу вам сказаць. Уліковыя карткі прызыўнікоў, дзе ёсць усе іх даныя, на падставе якіх прызыўныя камісіі прымаюць рашэнні, захоўваюцца на працягу дзесяці гадоў. У гэтым выпадку тэрмін захоўвання дакументаў прайшоў”. 

Тэрміновую службу радавы Ікаўніекс праходзіў у вайсковай часці №20392 пад Бабруйскам у 2004–2005 гадах. Пасля службы хлопец жыў у Клімавічах, а потым уладкаваўся працаваць на Беларускі металургічны завод і пераехаў у Жлобін.
 

Адправілі на “хімію”, таму што рускі?

Пасля дэмабілізацыі Юрый хацеў уладкавацца на працу ў міліцыю. Але яму адмовілі... таму што не меў беларускага грамадзянства! У адказ на пытанне: а як яго тады ўзялі ў войска — у МУС толькі паціснулі плячыма.

Пра тое, што на службу ў беларускае войска трапіў замежнік, магчыма, ніхто б так ніколі і не даведаўся, калі б Юрый не трапіў у ДТЗ. А пасля пад суд. 

“У лістападзе 2017-га ехаў на машыне, а на дарогу выйшаў п’яны мужчына. У чорнай вопратцы быў, — расказвае Еўрарадыё Ікаўніекс. — У апошні момант яго заўважыў, але паспеў аб’ехаць. Ён заваліўся, а следам ехаў аўтобус, які яго пераехаў. Праз 25 дзён ён памёр у бальніцы”.

Служыў як беларус, асудзілі як расіяніна, цяпер пагражае высылка
Прысуд, які вынеслі грамадзяніну Расіі

Расіяніна прысудзілі да года калоніі-пасялення (у шырокім ужытку гэта называецца “хіміяй”). Юрый адбываў пакаранне ў Горацкім раёне. Па яго словах, разлічваць на ўмоўны тэрмін не выпадала менавіта таму, што ён меў расійскае грамадзянства.

“Эксперты глядзелі маю машыну, на ёй нічога не знайшлі, — кажа Еўрарадыё расіянін. — Я потым у адваката пытаўся, а чаму далі рэальны тэрмін? Ён адказаў, што, каб я быў грамадзянінам Беларусі, магчыма, быў бы і ўмоўны тэрмін. Але на судзе нейкі артыкул не хацелі прымяняць да мяне, бо я замежнік. Маўляў, калі б прымянілі, дык шмат адпісак давялося б рабіць потым”.
 

Што далей?

У канцы студзеня 2020 года Юрый Ікаўніекс адбыў тэрмін і вярнуўся дамоў. Цяпер улады ў любы момант могуць запусціць працэдуру дэпартацыі Юрыя з Беларусі. А ён сам спрабуе ўсё ж атрымаць від на жыхарства і вярнуцца да звычайнага жыцця.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі