Смерць Боўі як твор мастацтва

Смерць Боўі як твор мастацтва

Прадзюсар Тоні Вісконці, які з 1969 года працаваў з Дэвідам Боўі, напісаў пра свайго сябра кранальны тэкст у фэйсбуку.


"Ён заўсёды рабіў тое, што хацеў, — піша Вісконці. — Ён хацеў рабіць так, як яму бачылася, ён хацеў рабіць так, як будзе лепш за ўсё. І яго смерць у гэтым не адрознівалася ад яго жыцця: гэта твор Мастацтва. Для нас ён зрабіў "Blackstar" — свой развітальны падарунак".


Па словах прадзюсара, пра хваробу Боўі ён ведаў год. Але да таго, што рана ці позна Боўі можа памерці, яго паплечнік не быў гатовы.


"Ён быў неверагодным чалавекам, поўным любові і жыцця. Ён назаўжды застанецца з намі. Сёння можна плакаць", — працягвае Вісконці.


Першая ж сумесная праца Боўі і Вісконці — сінгл "Space Oddity" — была адным з выбухаў у тагачаснай музыцы. Вісконці спрадзюсаваў шэраг кружэлак Боўі — ад берлінскіх "Low" і "Heroes" да двух апошніх альбомаў, якія выйшлі пасля доўгага перапынку: "The Next Day" (2013) і выпушчанага 8 студзеня, у 69-ы дзень нараджэння музыкі, "Blackstar".


Нагадаем, Дэвід Боўі памёр 10 студзеня ў Нью-Ёрку пасля 18-месячнага змагання з ракам.

Дэвід Боўі, які памадай памазаў рок-н-рол

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі