Спартовы фестываль “Мова Cup” упершыню прайшоў у Мінску (фота, відэа)
Па словах адной з арганізатарак фестывалю – Аляксандры Герасімені, наступны “Мова Cup” можа адбыцца праз паўгода.
На спартовым фестывалі аматары змагаліся ў розных дысцыплінах: міні-футболе, стрытболе, лёгкай атлетыцы, плаванні, бадмінтоне, гіравым спорце, шахматах, настольным хакеі ды інш.
Яго ініцыявалі беларускія атлеты з дабрачыннага праекту “Мары збываюцца”, у тым ліку славутая плыўчыха Аляксандра Герасiменя, якая дала майстар клас па плаванні для дзяцей.
“Я вельмі задаволеная. Бачыла вочы тых, хто прыходзіць сюды да нас, як яны цікавіліся, дзе што будзе праходзіць, як яны назіралі за гэтым. Людзі запісваліся, на любыя першыя спаборніцтвы. Хацелася б, каб прыйшло больш людзей, усе тыя, хто любіць крытыкаваць, добра, каб яны прыйшлі і дапамаглі”, - апісвае уражанні Аляксандра Герасіменя.
Яна таксама паўдзельнічала ў 30-метровым забегу, дзе мужчыны беглі з дзяўчатамі на плячах.
Наступны падобны фестываль спартоўцы плануюць правесці праз паўгода.
Першай ў футболе стала каманда “Волат-капітал”. Мінчан узнагародзілі кубкамі ад ФК “Дынама-Мінск” і цішоткамі з нацыянальным арнаментам.
“Турнір быў добра разрэкламаваны. Добры момант, каб пагуляць ва ўлюбёную гульню і паразмаўляць на мове. Узровень быў дастаткова высокі”, - аценьвае гулец каманды-пераможцы Сяргей.
Другое месца ўзялі госці з Гродна, каманда “Арыён”.
Першы фестываль “Мова Cup” праходзіў у мінскім Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі.