Спецдакладчык ААН: Не блытайце часовае зацішша ў Беларусі з сістэмнымі зменамі

Спецдакладчык ААН: Не блытайце часовае зацішша ў Беларусі з сістэмнымі зменамі

Спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харашці канстатуе паслабленне ціску на праваабаронцаў, але лічыць зацішша часовым. 4 ліпеня ў сваім выступе на форуме грамадзянскай супольнасці, што праходзіць у Мінску напярэдадні сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, ён заклікаў не задавольвацца касметычнымі эфектамі, але дамагацца сістэмных зменаў у сітуацыі з захаваннем правоў чалавека:

"На гэты момант мы знаходзімся ў больш спакойнай палітычнай сітуацыі. Але не трэба блытаць гэта з [прыняццем уладамі] сістэмных каштоўнасцяў і сістэмных гарантый [у сферы правоў чалавека]", — сказаў Харашці.

Таксама ён падзякаваў беларускім праваабаронцам за "цвёрдую пазіцыю" і за тое, што яны працягваюць удзельнічаць у палітычным працэсе, нягледзячы на пераслед.

Міклаш Харашці — венгерскі дысідэнт і пісьменнік. У верасні 2012 года ён быў прызначаны спецдакладчыкам ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Але беларускія ўлады не прызнаюць яго мандат і не супрацоўнічаюць з ім. Таму ўдзел у сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ён возьме як эксперт па правах чалавека.

Харашці выказаў спадзяванне ў наступны раз прыехаць у Мінск менавіта ў якасці спецдакладчыка ААН, а не ў якасці простага эксперта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі