Справу філосафа Уладзіміра Мацкевіча перадалі ў суд
Крымінальную справу філосафа Уладзіміра Мацкевіча перадалі ў Мінскі гарадскі суд. Пра гэта ў чацвер паведамляе пракуратура горада Мінска. Палітвязня абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу. Гэта і "актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак..." (ч. 1 арт. 342) — удзел у вулічнай акцыі пратэсту 25 кастрычніка 2020 года, і "стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем шляхам аб'яднання групы грамадзян" (ч. 1 арт. 361-1) — у перыяд са жніўня 2020-га да 4 жніўня 2021 года.
Пракуратура заяўляе, што Уладзімір Мацкевіч "вырабляў і змяшчаў у Telegram-каналах, старонцы ў Facebook" і г. д. "матэрыялы, якія ўтрымлівалі заведама непраўдзівыя даныя пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае, міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь". А яшчэ ён даваў "негатыўную ацэнку прадстаўнікам улады", нібыта планаваў "дзеянні экстрэмісцкага характару". Згадваецца і відэаролік на YouTube, у якім Мацкевіч "абразіў" Аляксандра Лукашэнку.
Мацкевіч быў затрыманы 4 жніўня 2021 года. Яго ўтрымліваюць у СІЗА № 1. За кратамі філосаф 13 дзён трымаў галадоўку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.