Стала вядома, у чым падазраюць беларуса, затрыманага за напад на Волкава

Нацыянальная пракуратура Польшчы

Нацыянальная пракуратура Польшчы / Wikimedia

У крымінальнай справе пра напад на расійскага апазіцыянера Леаніда Волкава, якая расследуецца ў Польшчы, падазраванымі праходзяць восем чалавек. Адзін з іх – беларус Віктар П.

У Нацыянальнай пракуратуры Польшчы журналістам "Белсата" расказалі, што нашага суайчынніка падазраюць у трох злачынствах, у тым ліку паводле арт. 18 і арт. 119 Крымінальнага кодэксу Польшчы.

Артыкул 119 датычыць гвалтоўных дзеянняў або пагрозаў на падставе нацыянальнай, этнічнай, расавай, палітычнай ці рэлігійнай прыналежнасці або яе адсутнасці. Артыкул 18 — пра формы саўдзелу (кіраванне злачынствам або загад учыніць яго; падбухторванне да злачынства; спрыянне шляхам прадстаўлення прылады, транспарту ці парадаў або бяздзейнасць у спыненні злачынства).

Беларуса ўзялі пад варту, вядуцца далейшыя працэсуальныя дзеянні і збор доказаў.

Раней стала вядома, што адным з падазраваных у арганізацыі нападу на Волкава стаў расійскі юрыст Анатоль Бліноў. Яго затрымалі 13 верасня і арышітавалі на тры месяцы. Расійскі "Фонд барацьбы з карупцыяй" заяўляе, што замах на Волкава быў заказаны экс-саўладальнікам фірмы ЮКОС Леанідам Неўзліным, які даручыў усё арганізаваць Блінову.

Леанід Волкаў — паплечнік Аляксея Навальнага. Напад на адбыўся ў сакавіку ў Вільні. Зламыснік разбіў шкло ў машыне, распыліў слезацечны газ і збіў апазіцыянера малатком, зламаўшы яму руку.

У красавіку за напад былі затрыманыя двое грамадзян Польшчы — Ігар Ц. і Максіміліян К. Польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск сцвярджаў, што напад на Волкава заказаў грамадзянін Беларусі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі