Стала вядома, як будзе называцца "жаночае выдавецтва" Святланы Алексіевіч
Жаночае выдавецтва, анансаванае Святланай Алексіевіч, будзе называцца "Пфляўмбаўм" — у гонар паэткі Яўгеніі Пфляўмбаум. Пра гэта ў гутарцы з 34mag.net расказала будучая галоўная рэдактарка выдавецтва Алена Казлова.
"Выдавецтва будзе называцца "Пфляўмбаўм" — у гонар паэткі Яўгеніі Пфляўмбаўм. Назву прапанавала я, і каляжанкі мяне падтрымалі", — падзялілася яна падрабязнасцямі.
Адпаведная юрыдычная асоба ўжо зарэгістраваная. Цяпер арганізатары спрабуюць атрымаць рэгістрацыю на выдавецкую дзейнасць.
"Для гэтага нашай дырэктарцы трэба здаць экзамен у Міністэрстве інфармацыі. Але нам ужо двойчы адмовілі ў прыёме заяўкі на экзамен. Першы раз з-за непрастаўленай лічбы ў графе "колькасць дакументаў", прычыну другой адмовы я яшчэ не ведаю, пакуль яшчэ не чытала ліст з Мінінфарму. Шчыра кажучы, адмовы нас вельмі засмуцілі. Фармальную прычыну не прыняць дакументы знайсці вельмі лёгка", — тлумачыць Казлова.
Яўгенія Пфляўмбаўм (1908-1996) была жонкай іншага вядомага пісьменніка — Максіма Лужаніна. Свой творчы шлях яна пачала ў 1920-х: публікавалася ў часопісах "Маладняк", "Полымя", газетах "Савецкая Беларусь" і "Звязда".
Аднак з 1930-х пачала пісаць толькі ў стол. Першы яе зборнік вершаў "Сувой жыцця" выйшаў толькі ў 1989 годзе, другі, "На захадзе сонца", — у 1992-м. Трэцяя кніга, "Зімовае сонца", так і не была надрукаваная. Не выключана, што менавіта гэтую кнігу плануюць выдаць у новым выдавецтве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.