Страта Крыма каштавала Украіне 83 мільярды долараў
У такую суму Украіна ацаніла шкоду ад анэксіі Крыма Расіяй, заявіў міністр юстыцыі Павел Пятрэнка на брыфінгу ў Кіеве.
У гэтую суму не ўваходзіць недаатрыманая выгада, кошт карысных выкапняў і марскога шэльфа. Таксама міністр юстыцыі паведаміў, што на пасяджэнні Савета нацыянальнай бяспекі і абароны ў панядзелак была падтрыманая ініцыятыва Генпракуратуры і Мінюста аб падачы дадатковай заявы аб парушэнні правоў чалавека ў Крыме ў Еўрапейскі суд па правах чалавека, перадае ВВС.
Пятрэнка адзначыў, што закон аб акупаваных тэрыторыях, які набыў моц у панядзелак, дае дзяржаве дадатковы механізм абароны. У прыватнасці, па яго словах, ўкраінскія праваахоўнікі могуць прыцягваць да адказнасці як саўдзельнікаў у правапарушэннях у Крыме замежных грамадзян, службовых асоб і ўстановы.
Міністэрства абароны Украіны таксама мае намер выставіць рахунак Расіі за захопленую расійскімі вайскоўцамі ў Крыме маёмасць Узброеных сіл Украіны.
Фота — texty.org.ua