Суд спыніў адміністрацыйную справу блогера Сяргея Пятрухіна
1 жніўня суд Ленінскага раёна Брэста разглядаў справу відэаблогера Cяргея Пятрухіна, абвінавачанага ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі.
На пачатку пасяджэння Пятрухін выказаў недавер суддзі Аляксандру Семенчуку, бо раней рабіў фільм пра яго. Па словах Пятрухіна, якія перадае праваабарончы сайт "Вясна", гэта магло выклікаць непрыязнасць суддзі да падсуднага. Аднак гэтае хадайніцтва суд адхіліў.
Сведкамі на судзе выступілі міліцыянты Аляксандр Тарасюк і Барыс Дзмітрук. Яны заявілі, што прыйшлі да Пятрухіна правесці агляд. Сустрэўшы блогера на вуліцы, яны, маўляў, паказалі яму пастанову аб правядзенні агляду, відэаблогер хацеў сфатаграфаваць дакумент, але яму не дазволілі. Тады ён адмовіўся падпісвацца, што азнаёміўся з пастановай. Пятрухін заявіў, што не пусціць міліцыянтаў у кватэру, бо згубіў ключы, і патрабаваў адваката пры аглядзе. У адказ міліцыянты заявілі яму, што адвакат не патрэбны. Яны затрымалі Пятрухіна і даставілі ў РАУС.
Адвакат запытаўся ў міліцыянтаў, чаму яны не дазволілі Пятрухіну выклікаць абаронцу на агляд, што гарантуе Канстытуцыя Беларусі (арт. 62). Абодва сведкі не змаглі адказаць на гэтае пытанне.
Адвакат прапанаваў спыніць справу, бо ў дзеяннях Пятрухіна не было складу адміністрацыйнага правапарушэння. Суддзя Аляксандр Семянчук пагадзіўся.
Як паведамлялася раней, Сяргея Пятрухіна затрымалі 27 ліпеня ў двары яго дома. Затрымліваць яго прыбылі шэсць міліцыянтаў, у тым ліку з аўтаматамі. Да суда блогера трымалі пад вартай у ІЧУ Ленінскага РАУС Брэста.