Суд у Польшчы не стаў высылаць сям'ю беларускіх палітвязняў у Германію
Сям'я Мамойкаў праз суд дамаглася права застацца ў Польшчы / "Партызанка"
Сям'я беларускіх экс-палітвязняў не будзе высланая з Польшчы ў рамках Дублінскай працэдуры. 16 красавіка ваяводскі адміністрацыйны суд у Варшаве скасаваў пастанову аб перадачы Андрэя Мамойкі і Веры Мамойка ў Германію, паведамляе ініцыятыва "Партызанка".
Гэта азначае, што Польшча бярэ на сябе адказнасць за разгляд іх справы аб надаленні міжнароднай абароны. Абскарджаннем займалася Ганна Маціеўская.
Суд пацвердзіў, што:
— наяўнасць адной толькі візы іншай краіны не можа быць адзінай падставай для перадачы;
— індывідуальныя абставіны, здароўе і гуманітарныя фактары абавязаны ўлічвацца, працэдурныя стандарты не з'яўляюцца фармальнасцю.
"У гэтай справе прагучала галоўнае: Андрэй і Вера — былыя палітвязні, якія перажылі рэпрэсіі. Іх стан здароўя патрабуе стабільнасці і падтрымкі. Іх жыццё ўжо звязана з Польшчай, тут лячэнне, адукацыя, дом і супольнасць", — падкрэсліваюць у "Партызанцы".
У адпаведнасці з Дублінскай працэдурай справа аб міжнароднай абароне павінна разглядацца ў першай краіне, у якую прыбыў хадайнік, ці ў той краіне, па чыёй візе ён прыбыў у ЕС.