Сведка ў судзе над лідарамі прафсаюза РЭП прызналася ў супрацоўніцтве з КДБ
30 ліпеня ў Мінску судзяць кіраўніка незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Федыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза Ігара Комліка. Іх абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса).
Адна са сведкаў, якая давала ў судзе паказанні супраць Федыніча і Комліка, прызналася ў супрацоўніцтве з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Беларусі, піша TUT.by. Юлія Юхнавец распавяла, што з 2015 года з’яўляецца агентам КДБ. А з 2014 па 2016 год яна працавала на пасадзе сакратара прафсаюза РЭП.
Па словах Юхнавец, у яе абавязкі ўваходзіла складанне загадаў, улік карэспандэнцыі, званкі. Сведка таксама заявіла, што прыкладна раз на месяц выязджала ў Вільню, каб прывезці адтуль пэўныя сумы. Гаворка ідзе пра 10 паездак, кожны раз ёй перадавалі прыкладна па 5 тысяч еўра.
— Адзін раз мне сказалі, што калі на мяжы спытаюць, сказаць, што грошы вазіла, каб набыць аўто, якое ў выніку не выбрала, — распавядае Юлія Юхнавец у судзе.
Па словах дзяўчыны, супрацоўнікі памежнай службы ніколі не задавалі пытанняў пры перасячэнні мяжы.
Адвакат Фядыніча Наталля Мацкевіч заявіла пратэст супраць допыту сведак па фактах, якія не маюць дачынення да выстаўленых абвінавачанняў. Федынічу і Комліку інкрымінуюць злачынствы, здзейсненыя ў 2011-2012 гадах, а сведка працавала ў прафсаюзе РЭП з 2014 года. Але суддзя адхіліла пратэст.
Далей Юхнавец распавяла, што адзін раз сфатаграфавала грошы, якія перавозіла з Літвы. Адвакат Комліка Людміла Казак пацікавілася, навошта.
— Ну таму, што тады супрацоўнічала з Камітэтам дзяржбяспекі, — проста адказала дзяўчына.
— У якасці каго? — удакладніла адвакат.
— У якасці агента.
Па звестках следства, старшыня Беларускага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і галоўны бухгалтар прафсаюза Ігар Комлік незаконна адкрылі рахунак у банку Літвы, куды з 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі паступалі грашовыя сродкі ў замежнай валюце. У далейшым гэтыя грошы здымаліся і дастаўляліся ў Беларусь, дзе вярталіся Фядынічу і Комліку.