Святлана Ціханоўская заклікала палітвязняў спыніць галадоўку
Святлана Ціханоўская / фота з яе афіцыйнага тг-канала
Святлана Ціханоўская заклікала палітвязняў спыніць галадоўку.
"Ігар Лосік, Ігар Банцар і Дзмітрый Фурманаў. Вы можаце не даведацца пра тое, што я зараз кажу гэтыя словы. Але мы ўсе ведаем пра вас і вашую бязмежную мужнасць. Вы цяпер рызыкуеце сваім жыццём, выказваючы свой пратэст праз галадоўку. Але мы, беларусы, не гатовыя рызыкаваць вамі.
Як чалавек, маці і жонка, я прашу вас спыніць галадоўку. Вы патрэбны вашым блізкім, бацькам і дзецям. Вы патрэбны Беларусі. Але як палітык я раблю ўсё магчымае, каб вызваліць вас і сотні беларусаў, якія без віны зачыненыя ў суседніх з вамі камерах", — звярнулася Ціханоўская праз свой канал на YouTube.
Ціханоўская нагадала, што на гэтым тыдні яна сустракалася з дэлегацыямі Еўрасаюза і ААН, каб яны наклалі фінансавыя і візавыя санкцыі на суддзяў, пракурораў і кіраўніцтва турмаў, якія не выконваюць патрабаваньні галадоўнікаў.
"Ужо на наступным тыдні ААН павінна запусціць механізм прыцягнення да адказнасці тых, хто здзяйсняў незаконныя затрыманні і выносіў спушчаныя зверху прысуды", — дадала палітык.
Па стане на 14 сакавіка ў Беларусі праваабаронцамі прызнаныя палітычнымі вязнямі 285 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.