Сябра хлопца, які мог збіць сірыйца, распавёў, з чаго пачаўся канфлікт

Еўрарадыё пагутарыла з сябрам хлопца, які падазраецца ў збіцці раніцай у суботу лекара-сірыйца ў цягніку Орша-Мінск. Малады чалавек цяпер знаходзіцца ў міліцыі. Іх разам з сябрамі прывезлі сюды раніцай. Ноч яны правялі дома. Хлопца, які мог збіць сірыйца, дапытваюць ужо дзве гадзіны. Яго сябар пакуль чакае допыту.


Вось, што ён паспеў распавесці Еўрарадыё наконт прычынаў бойкі:

"Я не чуў, пра што яны размаўлялі. Я проста бачыў, што ён устаў, нешта казаў, а потым бойка пачалася. Ён падышоў да яго, гаварыў з ім. Гэты сірыец прыабняў яго за нагу, спрабаваў падсадзіць да сябе, ён ударыў яго".

Хлопцы ехалі з лецішча ў Мінск. Усіх іх затрымалі пасля публікацыі фотаздымкаў у СМІ.
 

Як паведамляла Еўрарадыё, відавочцы распавядаюць, што сірыец сядзеў у электрычцы на лаве адзін. На станцыі Слабада да яго падсела кампанія падлеткаў. Нейкі час яны не звярталі на чалавека ўсходняй знешнасці ўвагі. Але раптам паміж ім і адным з хлопцаў адбыўся кароткі дыялог, пасля чаго хлопец ударыў сірыйца ў твар.

 
Той спрабаваў адбівацца, але перавага была на баку хлопца: ён стаяў і быў відавочна мацнейшы. З носа сірыйца цякла кроў, але хлопец працягваў біць яго нават тады, калі частка яго кампаніі сышла з вагона.
 
Збіццё спынілася, калі пасажыры пачалі абурацца тым, што адбываецца. Нехта выклікаў міліцыю, але яна так і не паспела з'явіцца. Хуліганы (сведкі кажуць, што збіваў сірыйца хлопец у сіняй майцы) выйшлі з вагона і сышлі. Відавочцы падкрэсліваюць, што яны і не думалі збягаць з месца здарэння.
 
 

Фота — TUT.BY

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі