Сёння Радаўніца — дзень памінання памерлых
Хоць гэта старажытнае паганскае свята, яно прывязанае да праваслаўнага царкоўнага календара і адзначаецца на 9-ты дзень пасля Вялікадня.
У традыцыі святкавання Радаўніцы пераплятаюцца хрысціянскія і паганскія звычаі. Спачатку памінаюць спачылых у царкве, дзе служаць памінальныя паніхіды, а пасля ідуць на могілкі. Для памерлых часта пакідаюць велікоднае яйка.
Лічыцца, што назва свята паходзіць ад слова “род”. Радаўніца пакліканая паядноўваць жывых і мёртвых — духоўна знітоўваць увесь род і звяртаць людзей да вытокаў, да таго міфалагічнага персанажа — першапродка, які некалі стаяў каля вытокаў агульначалавечага Роду і народа.