"Так не можа больш працягвацца" — Марына Золатава заклікае ратаваць палітзняволеных жанчын
Марына Золатава / "Зеркало"
Палітзняволеных жанчын трэба тэрмінова ратаваць — з такім публічным заклікам выступіла экс-палітзняволеная Марына Золатава, былая галоўная рэдактарка партала TUT.BY.
"Цяпер у Беларусі больш за 100 жанчын-палітвязняў. Хтосьці апынуўся за кратамі з-за сваіх перакананняў, а хтосьці — наогул выпадкова. Але зусім дакладна ні першыя, ні другія не заслугоўваюць пакут, якія яны цяпер адчуваюць.
Я бачу вочы гэтых жанчын. У іх надзея, трывога, чаканне. Часам адчай, часам туга. Спробы бадзёрыцца на людзях, калі сэрца разрываецца ад болю. Таму што не ведаеш, калі ўбачыш блізкіх. А часам не ведаеш, ці ўбачыш наогул", — піша Золатава.
Яна адзначае, што імёны большасці з гэтых жанчын не на слыху. Сярод іх ёсць "лекары і медсёстры, настаўнікі, кухары, цырульнікі, юрысты, адвакаты, журналісты, студэнткі, спартоўкі, прадпрымальніцы, дзяржслужачыя, пенсіянеркі... Многія з іх за кратамі ўжо 4, а то і 5 гадоў".
Золатава выказвае ўдзячнасць спецпасланніку прэзідэнта ЗША Джону Коўлу за вызваленне беларускіх палітвязняў. Яна сама была вызваленая так у снежні 2025-га. Аднак, падкрэслівае яна, за краты працягваюць трапляць усё новыя людзі.
Яна выступае з публічным зваротам за вызваленне палітзняволеных жанчын:
"Няма нічога важней за жыццё, здароўе і свабоду чалавека. Я звяртаюся да ўсіх, хто можа паўплываць на гэтую катастрафічную сітуацыю.
Я звяртаюся да амерыканскага боку: калі ласка, не спыняйцеся.
Я звяртаюся да ўладаў краін ЕС: ваш голас і ўдзел маюць вялікае значэнне.
Нарэшце, я звяртаюся да ўладаў Беларусі: у вашых сілах спыніць гэта, прыйшла пара спыніць гэтыя рэпрэсіі. Нават не дзеля зняцця санкцый. Дзеля будучыні. Дзеля сябе. Так не можа больш працягвацца.
Я таксама звяртаюся да ўсіх неабыякавых. Калі ласка, не маўчыце. Станьце голасам тых, хто сам не можа выступіць у сваю абарону. Размяшчайце пасты з хештегами #яееголос і # iamhervoice ў сваіх сацыяльных сетках. Разам мы зможам змяніць сітуацыю".