Трапіць на свінакомплекс можна толькі з дазволу галоўнага ўрача Беларусі
А каб прайсці на АЭС, дастаткова пашпартных дадзеных. Еўрарадыё высвятляе, ці пачалі ахоўваць свіней як мірны атам.
Кіраўнік дзяржавы асабіста папярэджвае кіраўнікоў свінакомплексаў пра крымінальную адказнасць у выпадку незабяспчання неабходных мер па біялагічнай ахове свінакомплексаў ад афрыканскай чумы.
“Будуць прынятыя драконаўскія меры ў дачыненні да адказных”, — кажа кіраўнік дзяржавы. Лукашэнка запатрабаваў, каб на свінакомплексах арганізавалі прапускны рэжым “як на ядзерным аб’екце”! Ні болей ні меней!
На сайце дырэкцыі АЭС знаходзім правілы наконт таго, як трапіць на тэрыторыю. Тут нават арганізоўваюцца экскурсіі, але патрэбныя пашпартныя дадзеныя.
Заяўку ад беларускіх СМІ разгледзяць за 14 дзён, ад замежных — за месяц.
Супрацоўнікі БелАЭС кажуць, што проста так на тэрыторыю не трапіш.
“У кожнага супрацоўніка электронны чып, толькі па ім можна трапіць праз турнікет на тэрыторыю будаўніцтва. Раней такой сістэмы аховы не было, але гэта і непатрэбна было тут — тут жа працавалі бульдозеры”, — кажуць у БелАЭС.
Інстытут “Сосны” — таксама быццам бы рэжымны аб’ект. Кажуць, у іх прапускны рэжым, ахова. Пытаемся, ці можна да іх трапіць проста так.
“Вы паспрабуйце. Пры нейкіх ўмовах вы, натуральна, трапіце да нас”, — намякаюць на журналісцкую “корачку” ў “Соснах”.
Цікавімся, ці ёсць такія меры перасцярогі на свінакомплексах.
Агракамбінат “Сож”, што ў Гомельскай вобласці, яшчэ да загаду Лукашэнкі меў адмысловую абарону ад свіной чумы. А цяпер тым больш. Нават абнеслі трэцяй сцяной некаторыя аб’екты — усё дзеля бяспекі.
“У нас павялічылася ахова, пабольшала дэзсродкаў, ёсць душ. Ёсць атрад адмысловы, які наглядае за тым, як усё выконваецца. За невыкананне ўмоваў дэзінфекцыі да звальнення можа дайсці. Праўда, у нас такіх выпадкаў яшчэ не было, былі проста вымовы”, — кажа кіраўнік комплекса і дадае, што самае дарагое з гэтага — сродкі дэзінфекцыі.
У адміністрацыі свінакомплекса “Усходні”, што пад Баранавічамі, пытаемся, ці можна праехаць да іх дырэктара.
“Да дырэктара можна, ён у адміністрацыі. Калі будзе на тэрыторыі — яго да вас паклічуць. А вось на саму тэрыторыю вас ніхто не пусціць. У нас нават новыя супрацоўнікі, пакуль не пройдуць медкамісію, на тэрыторыю не дапускаюцца”, — тлумачаць у прыёмнай “Усходняга”.
Нагадаем, не далей як мінулай вясной тут успыхнула афрыканская чума свіней. Цяпер супрацоўнікі расказваюць пра дэздыванкі перад кожным кабінетам і асабісты дазвол галоўнага санурача Беларусі на наведванне свінакомплекса.