“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Алена Маслюкова і светлагорскі “Бумажнік”

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Алена Маслюкова і светлагорскі “Бумажнік”
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “так званыя ліберальныя колы” няправільна ўяўляюць сабе беларускую грамадзянскую супольнасць. “Гэта не тое, што тры апазіцыянеры, два чыноўнікі і яшчэ нейкія арганізацыі. Грамадзянская супольнасць — гэта грамадзяне”, — і тут нават мы з ім пагадзіліся.

Але далей Лукашэнка разгарнуў сваю думку ў нечаканым кірунку: “А грамадзяне нашай краіны ў сваёй большасці — гэта і ветэраны, і моладзь, якую прадстаўляюць нашы, як я іх называю, камсамольцы — БРСМ, гэта прафсаюзы і жаночая арганізацыя”.

Ветэраны, БРСМ, прафсаюзы, жанчыны… Дзе ў гэтым пераліку месца для грамадскіх актывістаў, якія па ўсёй Беларусі дапамагаюць людзям змагацца за свае правы? Еўрарадыё вырашыла аднавіць справядлівасць. У праекце “Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі” мы распавядаем пра неабыякавых грамадзян. Іх штодзённая праца і фарміруе тую самую грамадзянскую супольнасць, якую так своеасабліва разумее кіраўнік нашай дзяржавы. Працуючы над праектам, мы пабывалі ў Верхнядзвінску, потым паехалі ў Слуцк.

Наша сённяшняя вандроўка таксама на поўдзень Беларусі. Мы ў Светлагорску, дзе настаўніца гісторыі Алена Маслюкова змагаецца са шкоднымі выкідамі новага цэлюлозна-кардоннага камбіната.

Былы прэстыжны горад

Дарога да Светлагорска са сталіцы займае крыху больш за тры гадзіны. На карце горад з’явіўся ў 1961 годзе, калі на прасторах каля вёскі Шацілкі пачалося актыўнае будаўніцтва прадпрыемстваў. Сёння ў горадзе жыве каля 67 тысяч жыхароў. Алена Маслюкова распавядае, што людзі з’язджаюць па эканамічных і экалагічных прычынах:

“У свой час горад быў прэстыжным для жыцця. Цяпер многія вымушаныя яго пакінуць. Фактычна за бесцань прадаюць кватэры. Ніхто не хоча атручвацца выкідамі ад ЗБЦ [завод беленай цэлюлозы. — Еўрарадыё]. У каго ёсць магчымасць, той з’язджае”.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Алена Маслюкова і светлагорскі “Бумажнік”

Светлагорск патанае ў лясах — яго пабудавалі хаця і прамысловым, але сапраўды зялёным горадам. Нягледзячы на гэта, жыллё тут вельмі таннае. Аднапакаёўку недалёка ад цэнтра можна зняць за 45 долараў.

“Я не прымаю савецкія часы, — распавядае Алена Маслюкова. — Але не ўсё было дрэнна, і пэўныя рэчы рабіліся лагічна. Генеральны план забудовы горада прадугледжваў, каб дрэвы былі ў кожным двары. У старых мікрараёнах і цяпер сосны стаяць, таму горад у нас такі зялёны”.

Разам з Аленай мы ідзём па вуліцах Светлагорска. З жанчынай вітаюцца мінакі: кіроўцы аўтобусаў, былыя вучні, іх бацькі — актывістку ў горадзе добра ведаюць.

 

Першага верасня развіталася з вучнямі і сышла

Алена Маслюкова 27 гадоў адпрацавала настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства. Па дарозе да светлагорскай школы № 10 яна з сумам згадвае, чаму прыйшлося кінуць любімую працу і як праз звальненне ў яе не атрымалася выпусціць свае 11-я класы:

“Любіла вучняў, паважала калег, — гаворыць Алена Маслюкова. — У 2014 годзе мяне прызналі настаўнікам года на раённым узроўні. А вось на абласны ўзровень ужо не пусцілі. Я ў анкеце напісала, што сябра БНФ, але не ў гэтым толькі справа была. На пачатку ліпеня 2014 года кіраўніцтва школы паведаміла, што з 2 верасня кантракт са мной не працягнуць”.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Алена Маслюкова і светлагорскі “Бумажнік”

Кантрактная сістэма дазваляе не тлумачыць прычыну звальнення. Алена, не дачакаўшыся ніякіх тлумачэнняў, не пагадзілася на прапанову кіраўніцтва сысці па згодзе бакоў раней і 1 верасня прыйшла на школьную лінейку.

“Цяжка ўспамінаць, слёзы з’яўляюцца, — распавядае жыхарка Светлагорска. — На лінейцы развіталіся з вучнямі, з бацькамі. І сышла. Муж мне тады сказаў: “Алена, дазваляю пасумаваць два тыдні, а потым чалавек мусіць ісці далей. Так і склалася”.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Алена Маслюкова і светлагорскі “Бумажнік”

Актывістка паспрабавала застацца ў прафесіі. Але ў іншых навучальных установах адмаўлялі, як толькі чулі яе прозвішча.

“Версіі, чаму мяне звольнілі, былі розныя, — згадвае светлагорская настаўніца. — Загадка і дагэтуль для мяне, але ўсё збягаецца да палітычнай падаплёкі. У 2014 годзе адбыліся вядомыя падзеі ва Украіне. Як гісторыка, вучні і калегі прасілі мяне пракаментаваць, што там адбываецца. Што такое сепаратызм, я распавядала на ўроках на прыкладзе Данбаса і Крыма. Навошта вучням расказваць нешта аморфнае, калі яны мусяць ведаць рэаліі жыцця? І вось, я разумею, што сёння такія настаўнікі не патрэбныя”.

 

Настаўнікі самі загналі сябе ў такія ўмовы

Мы спыняемся каля школы, дзе працавала Алена. Заняткі там ідуць як звычайна. Гучыць званок на перапынак, дзеці выбягаюць на вуліцу. Актывістка прыгадвае яшчэ адзін выпадак, які, хутчэй за ўсё, стаў для адміністрацыі апошняй кропляй:

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Алена Маслюкова і светлагорскі “Бумажнік”

“З вучнямі мы шмат ездзілі на экскурсіі, любілі наведваць Кіеў. Апошняя паездка была напярэдадні Рэвалюцыі годнасці. І некаторыя з кіраўніцтва потым казалі, што я вазіла дзяцей на Майдан. Гэта абсалютная прыдумка, якая не адпавядае рэчаіснасці. Але, хутчэй за ўсё, гэта стала адным з цвікоў, які забілі ў маю педагагічную кар’еру”. 

Навіна пра звальненне настаўніцы найвышэйшай катэгорыі здзівіла калег Алены. Людзі тэлефанавалі са спачуваннямі, але адкрыта абараніць яе ніхто не адважыўся. А вось бацькі школьнікаў звярнуліся ў пракуратуру, каб настаўніцу гісторыі пакінулі на працы і яна змагла выпусціць 11-я класы. Алена ўдзячна бацькам сваіх вучняў за абарону, а на сваіх калег крыўды не трымае.

“Улада зрабіла ўсё, каб раз’яднаць грамадства, — гаворыць яна. — Замест таго каб фарміраваць грамадзянскую супольнасць, яе расфарміравалі цалкам. Людзей разагналі па нішах, каб сядзелі там і баяліся. Некаторыя калегі без мужоў гадуюць дзяцей, таму я іх разумею і не крыўдую”.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Алена Маслюкова і светлагорскі “Бумажнік”

Алена дадае, што настаўнікі сёння выконваюць шмат не сваіх прафесійных абавязкаў. Замест таго каб вучыць дзяцей, выкладчыкаў прымушаюць хадзіць па кватэрах вучняў і правяраць іх халадзільнікі.

“Класны кіраўнік мусіць ведаць, у якіх умовах выхоўваецца вучань, — распавядае настаўніца. — Але навошта мне за ўласны кошт на 56 вучняў (я была класным кіраўніком двух класаў) пісаць сацыяльныя пашпарты, цікавіцца заробкам бацькоў? Гэта не мая справа! Мне не падабалася, што настаўнікаў прымушаюць пісаць паперы для міліцыі, сацыяльных службаў, аддзела культуры. І я адкрыта казала: чаму гэта павінен рабіць настаўнік?"

Алена ўпэўненая, што беларускія настаўнікі самі паспрыялі таму, каб умовы іх працы былі менавіта такімі.

“Пагаджаемся, таму менавіта так і атрымліваецца. Вось у гэтай школе [школа № 10 у Светлагорску. — Еўрарадыё] працуе 100 настаўнікаў. Гэта шмат! І калі б усе сказалі: газеты выпісваць не будзем, дадатковыя паперы запаўняць не будзем — хто б прымусіў?”

 

Замест Леніна — помнік заснавальніку горада

Калі не чытаць навіны пра новы светлагорскі завод, горад робіць уражанне падобнага да іншых беларускіх гарадоў. За два крокі ад царквы кіёск “Табакерка”, а вінна-гарэлачная крама працуе з 6 раніцы. Там пакупнікі без грошай просяць дапамагчы рублём. Хаця як мінімум адно істотнае адрозненне ад тыповага райцэнтра ёсць: у цэнтры Светлагорска няма помніка Леніну. Ён мусіў быць усталяваны, але нешта пайшло не так.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Алена Маслюкова і светлагорскі “Бумажнік”

“Гэта помнік заснавальніку нашага месца Раману Шацілу, — паказвае настаўніца гісторыі. — І зрабілі яго з помніка Леніну. У канцы 80-х гадоў быў выплаўлены 22-метровы Ленін, яго тут і планавалі паставіць. Але Савецкі Саюз разваліўся, пачалася незалежнасць. Помнік аказаўся недарэчы, і яго завезлі на гарадское прадпрыемства. Некаторы час ён там і ляжаў. А каб столькі бронзы не прападала, яго пераплавілі ў помнік Раману Шацілу”.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Алена Маслюкова і светлагорскі “Бумажнік”

Галоўнай праблемай Светлагорска мясцовая актывістка называе завод беленай цэлюлозы на ўскраіне горада. На змаганне з ім ідзе шмат яе часу. 

Мы выклікаем таксоўку і едзем на прадпрыемства. Па дарозе размаўляем з кіроўцам, які кажа, што рыхтуе дакументы, “каб хутчэй з’ехаць з гэтага смярдзючага горада”.

“У 2012 годзе жыхары даведаліся, што тут пабудуюць завод, — распавядае Алена Маслюкова. — Людзі былі супраць. Яшчэ ў 90-я Савет Міністраў прыняў рашэнне не развіваць хімічную вытворчасць у Светлагорску, бо тут ужо працавала два моцныя хімічныя прадпрыемствы. 10 тысяч 191 подпіс накіравалі да кіраўніцтва краіны і горада, што мы супраць пабудовы. Але завод пабудавалі, і ён стаў вялікім цяжарам для экалогіі горада”.

Завод павінен вырабляць цэлюлозу, якую выкарыстоўваюць у вытворчасці паперы і кардону. Па словах Алены Маслюковай, запрацаваць ЗБЦ мусіў яшчэ ў 2015 годзе. На дварэ 2019 год, а прадпрыемства дагэтуль не ўведзенае ў эксплуатацыю.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Алена Маслюкова і светлагорскі “Бумажнік”

Па звестках грамадскіх актывістаў, зараз на заводзе вядуцца пусканаладачныя работы.

“Адбываюцца выкіды шкодных рэчываў і перш за ўсё — метылмеркаптану [бескаляровы атрутны газ з моцным агідным пахам, які нагадвае пах гнілой капусты.  — Еўрарадыё]. Ён вельмі шкодзіць здароўю дарослых і дзяцей. Любы жыхар Светлагорска вам скажа, што выкіды ёсць, яны моцныя і робяць іх уначы, калі людзі спяць”, — тлумачыць Маслюкова.  

Да кіраўніцтва шкоднага прадпрыемства і да чыноўнікаў у мясцовых жыхароў шмат пытанняў. Але пакуль яны застаюцца без адказаў.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Алена Маслюкова і светлагорскі “Бумажнік”

“Невядома, што адбываецца на заводзе. З гэтага робіцца нейкая таямніца, — гаворыць актывістка. — ЗБЦ — гэта кітайскі праект, яго пабудавалі за 860 мільёнаў долараў. Гэта крэдыт, які ўзялі ў Кітая, і грошы трэба вяртаць. Але мяркую, што па факце завод каштуе больш, бо, каб выправіць тэхнічныя хібы, патрэбны яшчэ грошы. Калі выкіды працягнуцца, мы будзем патрабаваць, каб прадпрыемства закрылі”.

 

“Пахне толькі Маслюковай”

З пытаннямі, якія хвалююць светлагорцаў, Еўрарадыё звярнулася да кіраўніцтва завода беленай цэлюлозы. Галоўны інжынер Аляксандр Камандзірчык запэўнівае, што прадпрыемства працуе ў штатным рэжыме і паху ніякага няма.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Алена Маслюкова і светлагорскі “Бумажнік”

“Я запрашаю вас у Светлагорск, каб вы пераканаліся, які тут ёсць пах, — адказаў Аляксандр Камандзірчык. — Прадпрыемства працуе ў штатным рэжыме, пахаў ніякіх няма, а Маслюковай толькі і трэба, каб узрушваць людзей. І ўсё!”

 — А шкодныя выкіды па начах…

— Прыязджайце на суткі, паглядзіце. Завод працуе ў бесперапынным цыкле і днём і ноччу. І гэта ўсё надуманае.

 — Што вы маеце на ўвазе?

— Што яна [Алена Маслюкова. — Еўрарадыё] гаворыць, маўляў, нехта робіць нейкія выкіды. Але на сённяшні дзень завод працуе. 

— А куды прадукцыю пастаўляеце?

— Гэта неяк звязана з пахам? Прадукцыю купляе ўвесь свет і беларускія спажыўцы. Паўтараю яшчэ раз, чамусьці пахне толькі пяці чалавекам у Светлагорску. Прадпрыемства ніякіх шкодных выкідаў не робіць, гэта кантралюе Мінпрыроды.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Алена Маслюкова і светлагорскі “Бумажнік”

Дзеля справядлівасці, на непрыемны пах у Светлагорску скардзіцца не толькі Алена Маслюкова. Падчас паездкі па горадзе нам пачаў распавядаць пра яго мясцовы таксіст. Але асабіста мы непрыемнага паху не адчувалі. Праваабаронца кажа, што нам проста пашчасціла — вецер дзьмуў у іншы бок.  

 

Працы стала больш

Сёння Алена Маслюкова кіруе светлагорскім аддзяленнем незарэгістраванай праваабарончай арганізацыі “Вясна”. У невялічкай кватэры, якую выкарыстоўваюць як офіс, актывістка распавядае, з якімі праблемамі звяртаюцца людзі.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Алена Маслюкова і светлагорскі “Бумажнік”

“Прыходзяць не толькі светлагорцы, а жыхары Рагачова, Рэчыцы, Жлобіна, — распавядае Алена Маслюкова. — Аказваем юрыдычныя кансультацыі. Людзі крыўдуюць на дзяржаву, просяць скласці скаргу ці вырашыць сацыяльныя пытанні”.

Па словах светлагорскай актывісткі, у параўнанні з гадамі працы ў школе, яе жыццё стала больш напружаным.

“Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі”: Алена Маслюкова і светлагорскі “Бумажнік”

“У праваабаронцаў увогуле складанае жыццё. Але, як кажуць, залез на воз — не кажы, што не зможаш яго цягнуць. Не скажу, што да мяне былі рэпрэсіі, як да вядомых апазіцыянераў, але пэўны ціск адчуваецца. Ці магу я ўладкавацца працаваць у школу? Зразумела, не. Праз мае погляды мяне туды не возьмуць”.

Жыхарка Светлагорска дадае: як звычайны чалавек, яна таксама стамляецца ад вялікай колькасці працы. А на пытанне, як справы, Алена заўсёды адказвае: “Не дачакаюцца!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі