У адной з наваполацкіх школ дзеці будуць вучыцца стоячы
Адмысловыя парты для заняткаў стоячы / гімназія №1 Наваполацка
У філіяле гімназіі №1 Наваполацка ў гэтым навучальным годзе будзе дзейнічаць эксперыментальны клас. У ім апрабуюць навучальныя метады прафесара Уладзіміра Базарнага, піша Sputnik са спасылкай на грамадскага актывіста Аркадзя Розбаша.
Прафесар Базарны распрацоўваў здароўезберагальныя тэхналогіі для школ і дзіцячых садоў яшчэ ў 1989 годзе. Дзеці ў Наваполацку, у адпаведнасці з яго тэхналогіямі, будуць вучыцца 15 хвілінаў седзячы, а потым столькі ж — стоячы.
"Прафесар Базарны дамагаўся таго, каб мышцы дзіцяці знаходзіліся ў руху, пазбягаючы статычных высілкаў, прычым гаворка ідзе пра ўсе мышцы — вочныя, вушныя, стрававання, мышцы сэрца і гэтак далей, каб усе мышцы развіваліся ў дзіцяці гарманічна. І самым важным прафесар лічыў развіццё дзіцячага мозгу. Без цягліцавага руху развіццё дзіцячага мозгу і ўтварэнне міжнейронных сувязяў будзе вельмі аднабокім і выскачыць толькі ў інстынкты", — тлумачыць методыку Розбаш.
У эксперыментальным класе — 28 вучняў. Для іх зрабілі 14 канторак для заняткаў стоячы і 14 звычайных парт. Адна канторка будзе таксама для настаўніка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.