У Арктыцы знайшлі вірусы-гіганты, якія могуць запаволіць раставанне льдоў
Арктыка
У Арктыцы знайшлі вірусы-гіганты, якія могуць запаволіць раставанне льдоў. За апошняе дзесяцігоддзе арктычны марскі лёд скараціўся з пагрозлівай хуткасцю — на 13%.
Як паведамляе euronews.com, група навукоўцаў дацкага Універсітэта Орхуса правялі даследаванне, прысвечанае прысутнасці гіганцкіх вірусаў у Грэнландыі. Яны выказалі здагадку, што тыя могуць запавольваць размнажэнне чорных снежных водарасцяў (яны спрыяюць раставанню лёду).
Звычайныя вірусы прыкладна ў тысячу разоў меншыя за бактэрыі, а згаданыя гіганцкія вірусы большыя — як па памеры, так і па геному. Яны могуць вырастаць да 2,5 мікраметра, тады як большасць бактэрый не перавышае 2 мікраметраў. У геноме гіганцкіх вірусаў каля 2,5 млн літар, што робіць іх больш складанымі, чым звычайныя вірусы.
Упершыню гігантаў выявілі ў акіянах, пасля — у глебе і нават у арганізме чалавека. Але да знаходкі дацкай групы навукоўцы не ведалі аб іх прысутнасці ў снягах і лёдзе.
Кожную вясну, нагрэтыя сонцам, водарасці пачынаюць квітнець, чарнеючы на лёдзе. Гэта зніжае яго здольнасць адлюстроўваць сонечныя прамяні і паскарае працэс раставання. Цяпер перад навукоўцамі стаіць задача дакладна вызначыць, якія менавіта водарасці заражаюцца вірусамі-гігантамі.
Мяркуецца, што ўжо ў 2040 годзе летам палярны рэгіён можа апынуцца наогул без ледзянога покрыва. Гэты працэс у сваю чаргу ўплывае на глабальную тэмпературу, ствараючы экстрэмальныя з'явы. Намаганні навукоўцаў скіраваны на спыненне небяспечнай тэндэнцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.