У Беларусі дапамога па беспрацоўі меншая за літоўскую ў 13 разоў

У Беларусі пачынае павялічвацца колькасць афіцыйных беспрацоўных. Па дадзеных Белстата, на канец сакавіка 2015 года ўзровень беспрацоўя склаў 0,9% ад эканамічна актыўнага насельніцтва. Гэта на 9% больш у параўнанні з канцом лютага.

Фінансавая дапамога па беспрацоўі ў Беларусі складае ад 180 да 360 тысяч рублёў на месяц (ад 11,3 да 22,6 еўра), і выплачваецца не даўжэй за 6 месяцаў. Гэта на 1,1 млн. меней за пражытковы мінімум, які з першага траўня 2015 года складае 1 474 870 рублёў.

У Міністэрстве працы і сацыяльнай аховы адзначаюць, што выплата дапамогі па беспрацоўі ажыццяўляецца за кошт абавязковых адлічэнняў наймальніка на сацыяльнае страхаванне.

У Беларусі падаткам абкладаецца амаль палова прыбытку: нагрузка ў 14% кладзецца на грамадзяніна (13% ― падаходны падатак і 1% ― у Фонд сацыяльнай аховы насельніцтва (ФСАН). А працадаўца выплачвае каля 35% (34% ― у ФСАН і 1% ― у страхавую кампанію).

Згодна са штогадовым дакладам “Падаткаабкладанне 2015”, які ствараецца міжнародным кансалтынгавым цэнтрам даследаванняў PWC, сярэдняя падатковая нагрузка ў нашай краіне складае 52%. Гэта значыць, што ў сярэднім 52% сваіх прыбыткаў беларусы аддаюць на падаткі.

Еўрарадыё параўноўвае падатковую нагрузку і фінансавую дапамогу па беспрацоўі ў розных краінах.

У Літве з 2015 года максімальная дапамога па беспрацоўі складае 302 еўра на месяц. Падатковая нагрузка ― 42,6%.

У Польшчы штомесячная дапамога па беспрацоўі складае 824 злотых (184 еўра) у першыя 90 дзён. У наступныя месяцы ― 664 злотых (144 еўра). Падатковая нагрузка складае 38,7%.

Фінансавая дапамога па беспрацоўі ў Расіі складае ад 850 да 4900 расійскіх рублёў (ад 15,5 да 89 еўра адпаведна). А 48,9% прыбытку ўсходнія суседзі аддаюць на падаткі.

У Аўстраліі дапамога па беспрацоўі для тых, хто не дасягнуў 18 гадовага ўзросту, складае 92 аўстралійскія долары (64,4 еўра) на тыдзень, на месяц атрымліваецца каля 257,6 еўра. Ва ўзросце 18-20 гадоў, для тых, хто жывуць з бацькамі — 308, для тых, хто не — 468 еўра на месяц. Старэйшым за 21 год пры розных умовах (наяўнасць уласнага жылля, дзеці і г.д) выплачваюць ад 448 да 640 еўра. Падатковая нагрузка жыхароў Аўстраліі складае 47,3%.

У Іспаніі дапамога па беспрацоўі вагаецца ад 497 да 1087 еўра, у залежнасці ад памеру заробка на папярэдняй працы. Калі беспрацоўны мае дзіця, дапамога ўзрастае з 665 да 1242 еўра, калі мае дваіх ― да 1398 еўра. Падатковая нагрузка ў Іспаніі складае 58,2%.

У Бельгіі фінансавая дапамога па беспрацоўі залежыць ад страхавога стану асобы. Да 18 гадоў беспрацоўнаму выплачваецца 314 еўра штомесяц. З 18 да 20 ― 494 еўра. Старэйшым за 21 год ― 818 еўра. Калі беспрацоўны мае дзяцей ― 1106 еўра штомесяц. Жыхары каралеўства аддаюць у сярэднім 57,8% сваіх прыбыткаў на падаткі.

У Вялікабрытаніі максімальная дапамога па беспрацоўі складае 71 фунт (97 еўра) штотыдзень для тых, хто старэйшы за 25 гадоў, ці 388 на месяц. І 310 еўра штомесяц — тым, хто знаходзіцца ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў. Але дапамога на жыллё праходзіць па іншай схеме асобным чынам, і называецца ўжо жыллёвай дапамогай. Падатковая нагрузка ў Злучаным Каралеўстве складае 33,7%.

Паводле рэйтынгу PWC самыя высокія падатковыя нагрузкі ў 2015 годзе маюць Каморскія астравы ― 216%, Аргенціна ― 137%, Балівія ― 84%, Эрытрэя ― 84%, Таджыкістан ― 81%.

З Еўрапейскіх краін гэта Францыя ― 66%, Італія ― 65%, Іспанія ― 58%.

Вышэй за беларускую, падатковую нагрузку маюць толькі 33 краіны.

Самыя нізкія падаткі з заробку плацяць Македонія ― 7,4%, Вануату ― 8,5%, Цімор-Лешці ― 11%, Катар ― 11,3%.

Фота: AP/Mike Groll, dlgfirm.com, singularityhub.com.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі