Выплаты па бальнічных зменяць у Беларусі з 1 ліпеня
Бальнічны, ілюстрацыйнае фота
У Беларусі з 1 ліпеня пачне дзейнічаць новы парадак прызначэння дапамог па часовай непрацаздольнасці, а таксама па цяжарнасці і родах. Выплаты па бальнічных заўважна павялічацца. Пра гэта газеце "СБ. Беларусь сегодня" расказала Юлія Берднікава — кіраўніца Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.
У тры разы вырасце аплата па бальнічных для маладых спецыялістаў, якія яшчэ не адпрацавалі шэсць каляндарных месяцаў. Сёння бальнічныя для іх разлічваюцца на месяц з 50% бюджэту пражытковага мінімуму — на сёння гэта каля 209 рублёў. Па новай формуле за аснову будзе брацца мінімальная заработная плата, якая сёння складае 626 рублёў.
Стаж працы таксама паўплывае на велічыню бальнічнага. Сёння за першыя 12 дзён захворвання беларусу кампенсуюць 80% страчанага заробку, з 13-га дня — 100%. Пры гэтым сярэднядзённы заробак разлічваецца з шасці месяцаў, якія папярэднічаюць месяцу захворвання.
Паводле новай формулы работніку будуць выплочваць 100% заробку з першагаж дня хваробы, калі ён плаціў унёскі у ФСАН 10 гадоў і больш. Тыя, хто плаціў унёскі менш за 10 гадоў, будуць атрымліваць 80% страчанага заробку за ўвесь перыяд захворвання.
Пры новым разліку сярэднядзённага заробку ў яго будуць улічвацца абсалютна ўсе выплаты на карысць работніка. Напрыклад, аднаразовая дапамога на аздараўленне, аднаразовая матэрыяльная дапамога ці нейкая разавая прэмія. Разліковы перыяд таксама павялічыцца: ён будзе складаць 18 каляндарных месяцаў перад кварталам, у якім адбылося захворванне.
Прычым разлічваць сярэднядзённы заробак будзе не працадаўца, як цяпер, а ФСАН.
Для тых, хто працуе на двух месцах працы, новыя бальнічныя таксама павінны стаць выгаднейшымі. Сёння работнік атрымлівае выплаты па бальнічным толькі на асноўным месцы працы, а па сумяшчальніцтве пацвярджае сваю непрацаздольнасць даведкай. ФСАН абяцае выплачваць дапамогу з улікам усіх даходаў па ўсіх месцах працы.
Зменяцца выплаты для будучых мам, асабліва тых, якія з аднаго адпачынку па доглядзе за дзіцем пераходзіць у новы. Калі яна пераходзіць так без выхаду на працу, дапамога па цяжарнасці і родах вылічваецца ад голага тарыфнага акладу. Таму многія маці перарываюць такі адпачынак і выходзяць на працу, каб атрымаць нармальны заробак, з якога потым вылічваецца дапамога па доглядзе за дзіцем.
Згодна з новымі правіламі дапамога па новай цяжарнасці і родах будзе прызначацца ў памеры папярэдніх выплат. Адпаведна, яна будзе значна вышэйшай, чым разлічаная з тарыфнага акладу.
Дарэчы, перыяды часовай непрацаздольнасці будуць уваходзіць у страхавы стаж, запэўнівае Берднікава.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.