У Беларусі пашыраны спіс тых, хто прыдатны да службы ў войску па стане здароўя
Патэнцыйных прызыўнікоў стала больш / Міністэрства абароны
У Беларусі стала больш людзей, якія прыдатныя для прызыву ў войска па стане здароўя. Міністэрства аховы здароўя і Мінабароны знізілі планку для набору ў войска пастановай №1/10 ад 18 студзеня.
Цяпер трапіць на службу ў сілы спецыяльных аперацый — элітную частку беларускага войска — можна з масай цела не больш за 100 кг. Раней у ССА не бралі, калі чалавек важыць больш за 90 кг.
Таксама прыдатнымі з нязначнымі абмежаваннямі будуць людзі з атлусценнем II ступені з індэксам масы цела больш 37 кг/м2. Будуць браць на службу і з блізарукасцю любога вока ў адным з мерыдыянаў больш 6,0 дптр і да 8,0 дптр. Калі ў вас артэрыяльная гіпертэнзія I або II ступені без паразы органаў-мішэняў або АКС — вы таксама падыходзіце. Не стане перашкодай для прызыву і гемарой без выпадзення вузлоў, бранхіяльная астма пры адсутнасці прыступаў больш за 5 гадоў і некаторыя ступені плоскаступнёвасці.
Раней людзі з такімі дыягназамі былі непрыдатнымі да ваеннай службы ў мірны час, але маглі прызнавацца абмежавана прыдатнымі ў ваенны час.
Змены дзейнічаюць з моманту апублікавання пастановы, то бок з 4 лютага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.