У Беларусі прапануюць увесці крымінальную адказнасць за заклікі да санкцый
Пасяджэнне парламентарыяў / house.gov.by
У парламент унесены законапраект аб змяненні Крымінальнага кодэкса, паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў.
Праект прапануе выкласці арт.361 КК "Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь" у новай рэдакцыі.
У артыкул будзе дададзеная адказнасць за заклікі, накіраваныя на прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Беларусі, а таксама беларускіх фізічных і юрыдычных асоб.
Таксама прапануецца ўзмацніць крымінальную адказнасць за дзеянні, якія накіраваны на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы.
Так, за публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Беларусі прапанавана павялічыць максімальны тэрмін пазбаўлення волі да 6 гадоў (у цяперашні час — да 5 гадоў). А за заклікі да замежнай дзяржаве здзейсніць дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы — да 10 гадоў (у цяперашні час — да 5 гадоў).
У выпадку, калі гэтыя дзеянні здзейсненыя ў інтэрнэце або праз СМІ, максімальны тэрмін пазбаўлення волі прапануецца павялічыць да 12 гадоў (цяпер — да 7 гадоў).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.