У Беларусі расце колькасць людзей з лішняй вагой
Паводле інфармацыі галоўнага пазаштатнага дыетолага Міністэрства аховы здароўя Юрыя Марахоўскага, цяпер каля 1% насельніцтва краіны пакутуе на атлусценне, яшчэ 20% маюць залішнюю вагу, паведамляе БелаПАН. Суцешыць можа хіба той факт, што поўных людзей у Беларусі ўсё ж у разы меней, чым у ЗША ці Арабскіх Эміратах. Спецыялісты звязваюць гэта з тым, што беларусы толькі нядаўна сталі болей ездзіць на машынах, чым хадзіць пешшу. Дый фаст-фуд у краіне не такі распаўсюджаны. Аднак праз 15 год у нас будзе столькі ж людзей з лішняй вагой. Дыетолагі нагадваюць, што для падтрымання сябе ў нармальнай фізічнай форме здаровы чалавек павінен хадзіць пешшу штодня па 80 хвілінаў. Таксама варта з’ядаць 400-600 грамаў гародніны і садавіны, але толькі не бульбу. Неабходна спажываць злакавыя, двойчы на тыдзень есці рыбу. Малако і малочныя прадукты павінны быць тлустасцю не болей за 3%. Толькі тры разы на тыдзень можна есці чырвонае мяса, не трэба злоўжываць соллю, жывёльным тлушчам, аднак цалкам іх адмаўляцца не варта.