У Беларусі створаць адзіны нацыянальны турыстычны брэнд
У 2017 годзе ў Беларусі плануюць пачаць працу па стварэнні адзінага нацыянальнага турыстычнага брэнда. Пра гэта паведаміў намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч.
"У наступным годзе нам трэба будзе правесці вялікую колькасць мерапрыемстваў, у тым ліку па пытанні стварэння і прасоўвання адзінага нацыянальнага брэнда, каб можна было пазіцыянаваць краіну за мяжой, як гэта робіць тая ж Грузія", — перадае БЕЛТА словы чыноўніка.
Грыцэвіч падкрэсліў, што само стварэнне брэнда будзе каштаваць адносна нядорага. Асноўныя выдаткі пойдуць на яго прасоўванне. Па яго словах, у гэтым напрамку плануецца працаваць разам з тураператарамі.
Яшчэ адной з задач дэпартамента на 2017 год з'яўляецца развіццё ўнутранага турызму.