У Брэсце ўсё ж будзе вуліца Мытная
Варыянт “Таможенная” ў рускай і “Таможная” ў беларускай транскрыпцыі прыбралі з праекта.
Менавіта назоў “Мытная” ў беларускім і рускім напісанні прапанаваны для канчатковага абмеркавання на сайце Брэсцкага гарвыканкама.
Папярэднюю версію назвы, сфармуляваную ў аддзеле ідэалогіі Брэсцкага гарвыканкама, прыбралі з праекту пад ціскам грамадскасці і філолагаў як непісьменную.
Вуліца, якую прапаноўваюць назваць Мытнай, утварылася пасля пабудовы моста Заходнага абходу каля Брэсцкай крэпасці. Цераз мост і Варшаўскую шашу яна вядзе да Ковельскай шашы і праходзіць побач з пунктам перасячэння мяжы “Варшаўскі мост”.
Мясцовыя актывісты “Маладога фронту” збіралі подпісы за тое, каб назваць гэтую вуліцу іменем Каліноўскага. Але іх прапанова не была ўлічаная.
Дарэчы, з ініцыятывы Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі вуліцы “Ключевая” і “Родниковая” будуць называцца ў рускай транскрыпцыі “Старая Криничная" і “Новая Криничная”. Адну з новых вуліц назвалі Берасцейскай, а завулак Берасцейскі перайменавалі ў завулак Мусаргскага.