У ЕГУ дэфіцыт бюджэту складае 1 мільён долараў

16 красавіка ў Вільні прэс-канферэнцыю правёў нядаўна абраны рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Дэвід Полік. Паводле яго слоў, у бліжэйшы час будзе сур'ёзна перагледжаны вучэбны план ЕГУ. Між іншым, Полік збіраецца сканцэнтравацца на галоўнай місіі ўніверсітэта як беларускага і еўрапейскага ВНУ. У той жа час ён не бачыць неабходнасці запрашаць на працу выкладчыкаў, якія былі звольненыя з ЕГУ летась. Нагадаем, раней у ЕГУ разгарэўся канфлікт Сената і адміністрацыі, у выніку якога былі звольненыя некалькі выкладчыкаў. Сярод іх — Максім Жбанкоў, Павел Церашковіч, Вольга Шпарага.

Полік пацвердзіў на прэс-канферэнцыі, што да яго прыходу ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт дэфіцыт бюджэту склаў мільён долараў і ён захаваўся дагэтуль. Паводле слоў рэктара, гэтая праблема ўзнікла з-за складанасцяў, якія ЕГУ меў з-за вымушанага пераезду ў 2004 годзе з Мінска ў Вільню.

Дэвід Полік раней узначальваў некалькі прыватных каледжаў у ЗША, ён — прафесар філасофіі. Выконваў абавязкі прэзідэнта Дзяржаўнага ўніверсітэта Нью-Ёрка (SUNY, аддзяленне ў Кортлэндзе), працаваў прэзідэнтам і галоўным выканаўчым дырэктарам Чыкагскага інстытута мастацтваў. Выконваў абавязкі рэктара ў ЕГУ. Цяпер ён вывучае рускую мову, беларускай не валодае.

Фота: kyky.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі