У Ганцавічах правядуць роварны крыжовы ход да Дня незалежнасці
У Ганцавічах правядуць крыжовы ход на роварах, прымеркаваны да Дня незалежнасці. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на аддзел ідэалагічнай працы, культуры і справаў моладзі райвыканкаму.
Роварны крыжовы ход стартуе апоўдні 3 ліпеня з царковымі спевамі ад Свята-Ціханаўскага храма. Удзельнікі маюць праехаць каля 20 км па паклонных месцах райцэнтра. Гэта размешчаныя на ўездах і выездах паклонныя крыжы, а таксама братэрская магіла на гарадской плошчы Ганцавічаў, у якой пахаваныя загінулыя ў гады Другой сусветнай вайны. Раварысты таксама будуць везці абразы. Ачоліць калону пратаіерэй Пётр Піліпчук.
Год таму ў падобнай акцыі прынялі ўдзел каля 70 чалавек рознага ўзросту. Сёлета арганізатары чакаюць, што ўдзельнікаў будзе болей.