У Гомелі аматар хуткай язды на легкавіку сутыкнуўся з аўтобусам
У Гомелі аматар хуткай язды стаў вінаватым у сур’ёзным транспартным здарэнні. Позна ўвечары 26 кастрычніка 26-гадовы кіроўца “Нісана-Мікры”, які выязджаў з праспекта Перамогі на вуліцу Кірава на чырвоны сігнал святлафора, сутыкнуўся з аўтобусам “Радзіміч”. Ад удару аўтобус адкінула ў бок і адбылося яшчэ адно сутыкненне — з “Опелем-Астра”, за рулём якога была жанчына.
Як паведамілі БелаПАН у Гомельскай абласной ДАІ, у выніку аварыі пацярпела 55-гадовая пасажырка “Опеля”, якая атрымала траўмы галавы.
Кіроўца “Нісана” адмовіўся ад медыцынскага агляду дзеля высвятлення яго фізічнага стану. Сёлета ён тройчы прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці за парушэнні правілаў дарожнага руху, прычым два разы — за перавышэнне хуткасці.
Яшчэ адна аварыя здарылася ў Гомелі ўвечары 27 кастрычніка. На вуліцы Хмяльніцкага сутыкнуліся два легкавыя аўтамабілі, адзін з якіх перакуліўся на дах і вылецеў на тратуар. Абставіны здарэння высвятляюцца.
Фота з архіву