У Кіеве з’явіцца парк імя Віктара Цоя
Там жа будзе і сцяна для прыхільнікаў яго творчасці.
Кіеўскія гарадскія ўлады ўхвалілі стварэнне парка імя Віктара Цоя. Ён паўстане на левым беразе Дняпра ў масіве Беразнякі. Як мяркуецца, гэта будзе месца не толькі для фанатаў творчасці гэтага легендарнага рок-музыкі, але і для прыхільнікаў маладых выканаўцаў. Тут з’явіцца таксама стадыён і іншыя спартовыя аб’екты, інфармуе УНІАН.
Парк імя Цоя разаб’юць ля возера Тэльбін, дзе амаль 30 гадоў таму здымалі фільм “Канец вакацыяў” з удзелам спевака і музыкаў гурта “Кіно”. У парку захавалася “дрэва Цоя”, ля якога ён спяваў песні ў фільме.
Зямельны ўчастак плошчай у 3,5 га, на якім створаць парк, быў вечным прадметам спрэчак паміж забудоўшчыкамі і грамадскасцю, аднак гарадскія ўлады ў выніку вырашылі зрабіць там парк.
Фота: afisha.tut.by