У Кракаве знайшлі дакумент з подпісам і пячаткай Васіля Цяпінскага

У Кракаве знайшлі дакумент з подпісам і пячаткай Васіля Цяпінскага

У Кракаве знайшлі дакумент з уласнаручным подпісам і пячаткай беларускага асветніка, пісьменніка і кнігадрукара Васіля Цяпінскага. Знаходка належыць магістру гістарычных навук Ягору Сурскаму, які працуе ў аддзеле краязнаўства і археалогіі Інстытута гісторыі беларускай Нацыянальнай акадэміі навук.  

Як распавядае Сурскі Радыё Свабода, дакумент знаходзіўся ў бібліятэцы Польскай акадэміі навук у Кракаве сярод розных маёмасных і фінансавых папераў шляхецкіх радоў, але храналагічна выбіваўся з пазначанага ў тэчцы датавання. Папера была анатаваная, у архіве ў Вільні нават знаходзіцца мікрафільм з дакументам, але ліст дагэтуль не быў уведзены ў навуковы абарот.

“Пячатка належыць да гербу Асвея, якім карысталіся і іншыя прадстаўнікі роду Цяпінскіх, на ёй выяўлены крыж і два паўмесяцы. Ініцыялы „WC“ пацвярджаюць, што гэта асабістая пячатка Васіля Цяпінскага”, — тлумачыць Сурскі.

Гісторык зрабіў даклад пра знаходку на кангрэсе “500 год беларускага кнігадруку” ў мінскай Нацыянальнай бібліятэцы, чакае публікацыі работы пра знаходку ў навуковым зборніку “Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі”.

Васіль Цяпінскі нарадзіўся каля 1540 года ў Цяпіна, што пад Чашнікамі ў цяперашняй Віцебскай вобласці. У 1570-я на свае сродкі заснаваў друкарню, распачаў пераклад Евангелля на старабеларускую мову і напісаў да яго прадмову. Затым ён выдаваў гэтае Евангелле як на старабеларускай, так і на царкоўнаславянскай мове.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі