У Лівіі 200 чалавек загінулі ў масавых выступах супраць Кадафі
У горадзе Бенгазі, што на ўсходзе Лівіі, цягам колькіх дзён доўжацца дэманстрацыі супраць рэжыму Муамара Кадафі. Ён кіруе краінай сорак гадоў.
Сведкі цвердзяць, што па натоўпе стралялі снайперы. Паводле Reuters, ёсць паведамленні пра павелічэнне колькасці ахвяраў сутыкненняў маніфестантаў з сіламі бяспекі. У мясцовыя шпіталі 19 лютага трапілі дзясяткі забітых дэманстрантаў.
Перад гэтымі актамі гвалту міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch заявіла аб 84 ахвярах сутыкненняў. Улады Лівіі не абнародавалі ніякіх звестак пра забітых і пацярпелых. Паводле спадарожнікавага тэлеканалу Al-Jazeera, у часе падаўлення масавых выступаў у Бенгазі загінулі 200 чалавек, больш за 800 параненыя.
Еўрапейскія СМІ паведамляюць, што аперацыяй па разгроме сіл антыўрадавай апазыцыі ў Бенгазі кіруе сын Муамара Кадафі 37-гадовы Саадзі. Сярод спецпадраздзяленняў, якімі камандуе малодшы сын Кадафі — Хаміс, ёсць атрады наймітаў з краінаў Афрыкі і Азіі.