У Магілёўскім раёне масава гінуць пчолы
Фермеры Магілёўскай вобласці паведамляюць пра масавую гібель пчолаў, перадае тэлеканал СТБ.
Толькі ў Шклоўскім раёне штогод гіне некалькі соцень тысяч пчолаў. Прычына — парушэнне тэрмінаў унясення пестыцыдаў у глебу. А менавіта дзякуючы пчолам ураджай рапсу павялічваецца на 20-30%.
Пчаляр Андрэя Шушыначаў кажа пра апрацоўку рапсу пестыцыдамі: "Калі апрацоўка праводзіцца ў час цвіцення, я лічу, гэта злачынствам супраць прыроды. У іншых краінах за гэта велізарная адміністрацыйная адказнасць. У нас яе няма, не выпрацавана".
Падчас такой апрацоўкі, напрыклад, цалкам страціў пчол Віктар Пінчук. Мясцовая гаспадарка проста не знайшла час папярэдзіць пчаляроў пра ўнясенне пестыцыдаў. Пчолы па звычцы вылецелі зранку на збор ўраджаю, але ў свае домікі так і не вярнуліся.
Па словах пчаляроў, у санітарна-ветэрынарных правілах напісана: каб засцерагчы насякомых, аграрыі абавязаныя ўносіць асабліва небяспечныя пестыцыды да пачатку цвіцення раслін. А калі не паспелі, то распыляць іх можна толькі ўвечары ці ў пахмурны дзень, каб пчолы не атрымалі небяспечную дозу атруты.