У Мінску пасля допыту затрымалі сацыёлага Таццяну Вадалажскую
Сябра Каардынацыйнай рады Таццяна Вадалажская была затрыманая 23 сакавіка падчас візіту на допыт у Следчы камітэт. Пра гэта паведамляюць у Каардынацыйнай радзе.
Сацыёлаг Таццяна Вадалажская — паплечніца філосафа Уладзіміра Мацкевіча, каардынатар Лятучага ўніверсітэта.
У жніўні 2021-га яе затрымлівалі — адначасова з Мацкевічам. Аднак Вадалажскую выпусцілі на волю праз 10 дзён пасля затрымання.
Пасля затрымання Вадалажская заставалася ў статусе падазраванай, хадзіла на допыты. На мінулым тыдні яна падала ў Следчы камітэт хадайніцтва, каб ёй дазволілі выехаць у Літву на лячэнне. Сёння жанчына пайшла па адказ на хадайніцтва — і была ўзятая пад варту. Яе пасадзілі ў СІЗА №1, з адваката ўзялі падпіску аб неразгалошванні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.