У Мінску сеў самалёт з віцэ-прэм’ерам Расіі, якога Румынія не пусціла ў Малдову
Улады Румыніі не прапусцілі праз сваю паветраную прастору рэйсавы пасажырскі самалёт авіякампаніі S7 з віцэ-прэм’ерам Расіі Дзмітрыем Рагозіным на борце. Расійскі палітык ляцеў у Малдову на сустрэчу з прэзідэнтам Ігарам Дадонам. Пасля развароту самалёт быў вымушаны сесці на запасны аэрапорт у Беларусі, перадае Радыё "Свабода".
У Міністэрстве замежных справаў Румыніі кажуць, што самалёт не прапусцілі, бо на яго борце быў пасажыр, чыё прозвішча "ўнесенае ў санкцыйныя спісы ЕС". Дарэчы, у аэрапорце Кішынёва, куды мусіў прызямліцца рэйс, прайшла акцыя пратэсту супраць візіту Рагозіна. Гэты палітык трапіў у спіс грамадзян Расіі, супраць якіх дзейнічаюць санкцыі Еўрасаюза.
20 ліпеня ўлады Малдовы выступілі супраць таго, каб расійскі віцэ-прэм’ер прыляцеў у Кішынёў і Тыраспаль на самалёце ваенна-паветраных сілаў. Аднак Рагозін заявіў, што хоча прыляцець не гледзячы на забарону.