У Мінску судзяць дваіх братоў, якія спрабавалі збегчы з залы суда
Цяпер ім пагражае яшчэ адзін прысуд у дадатак да прызначанага раней пакарання за махлярства.
У Мінскім гарадскім судзе пачаўся працэс па справе братоў Паповых, які летась зрабілі спробу ўцёкаў з залы суда. У лістападзе 2014 года іх судзілі за махлярства ў Савецкім раённым судзе. Пасля завяршэння паседжання, абвінавачаныя папрасіліся ў прыбіральню. Іх павялі туды па адным і пад наглядам. Затым іх суправадзілі ў канвойны пакой. Там старэйшы братоў дастаў абрэзак трубы, знойдзены ў прыбіральні і пачаў збіваць канвойнага. Малодшы кінуўся яму на дапамогу, але яго хутка ўтаймавалі.
Пасля гэтага выпадку абвінавачаныя перасоўваюцца з узмоцненым канвоем — у кайданках і ў суправаджэнні службовых сабак.
Браты Паповы маюць казахстанскае грамадзянства. Яны часова жылі ў Расіі. Абодва маюць вышэйшую адукацыю, дзяцей.
Раней яны былі асуджаныя за махлярства і прысуд набыў моц сёлета 12 траўня, інфармуе sb.by
Фота: sb.by